Справа ў тым, што этыкеткі, дзе ўсё напісана па-беларуску, можна выкарыстоўваць толькі ў нашай краіне. За мяжой такі прадукт распаўсюджваць нельга. Вось і выходзіць, што «Белы полюс» — марозіва выключна для беларусаў і гасцей краіны.

Што праўда, гомельская кампанія «Інгман марозіва» і не збіралася вырабляць яго на экспарт. Супрацоўнікі кампаніі паглыбіліся ва ўласную гісторыю і зразумелі, што яны ці не адзіныя, хто займаецца вытворчасцю гэтага салодкага прысмаку ад 1939 года па сёння, хоць цяпер і пад іншым брэндам.

«Мы зразумелі, што, па сутнасці, адзіныя на працягу амаль васьмі дзесяцігоддзяў робім прадукт, які дорыць радасць і дзецям, і дарослым. Так прыйшла думка зрабіць традыцыйнае беларускае марозіва, і з’явіўся «Белы полюс», — распавядае галоўны менеджар па маркетынгу Максім Журовіч.

У кампаніі вырашылі, што рабіць традыцыйнае не па-беларуску папросту дзіўна.

«Мы разумеем, што сёння ў грамадстве руская мова дамінуе. Але мы разумеем і тое, што наша мова — гэта штосьці большае, чым проста сродак зносін. Яна ўнутры кожнага беларуса, як казка з дзяцінства, тое, што знаходзіцца ў нашай душы. Мы можам не размаўляць на мове, але мы ведаем, што яна ёсць. Калі статыстыка паказвае, што беларусы не размаўляюць у паўсядзённым жыцці па-беларуску, гэта не значыць, што беларусы не любяць ці дрэнна ставяцца да мовы, зусім наадварот», — працягвае Максім.

Менеджар упэўнівае, што каштаваў выраб марозіва, на абгортцы якога толькі беларуская мова, не больш і не менш, чым усё іншае. Пераклад рабілі самі, але на рэдактуру аддалі прафесару Адаму Мальдзісу.

«Абгорткі марозіва па-беларуску раней фактычна ніхто не рабіў. Былі спробы ў аднаго вытворцы, але там такі пераклад быў, што… Ну, зусім не па-беларуску. І мы нідзе не маглі знайсці тэрміналогію на мове», — кажа Максім. — Нават узяць пытанне, як лепш пісаць: «марожанае» ці «марозіва». Ёсць розныя меркаванні, нам больш падабаецца «марозіва». Мы спачатку пераклалі ўсё самі, а потым вырашылі, што нам усё ж патрэбная кансультацыя спецыяліста, якому мы б маглі давяраць. Вырашылі пагутарыць з Адамам Мальдзісам, сустрэліся, склалі спіс тэрмінаў. Напрыклад, чаму «вафлевы кубачак»? Таму што «шклянка», напрыклад, з вафлі не бывае. Карацей, імкнуліся зрабіць усё як мага больш пісьменна. Каб гэта было сапраўды па-беларуску, не выклікала пытанняў і не гучала дзіўна».

У кампаніі не хваляваліся, што марозіва не будуць купляць, бо, маўляў, «пакупнік нічога не зразумее».

«Нават думкі такой не было. Наадварот, мне падаецца, што кожны разумее. Гэта як з «Калыханкай». Хтосьці не размаўляе па-беларуску, хтосьці ўвогуле называе сябе прыхільнікам «рускага свету», але калі мы гаворым пра «Калыханку», для кожнага, хто жыве ў Беларусі шмат гадоў, гэта нешта сакральнае. З мовай тое ж самае», — разважае Максім.

Менеджар гаворыць, што праблем з крамамі праз упакоўку фактычна не было. Толькі аднойчы лакальная сетка не захацела браць марозіва на продаж. Але ніводная рэспубліканская сетка ніякіх пытанняў ніколі не мела.

Не так даўно грамадскасць спрабавала пераканаць «Савушкаў» дадаць на ўпакоўкі прадукцыі беларускую мову. Аднак у кампаніі рабіць гэта адмовіліся. Спачатку спасылаліся на тое, што гэта дорага і немэтазгодна. Калі ж знайшліся валанцёры, гатовыя распрацаваць новы дызайн і зрабіць пераклад бясплатна, высветлілася, што прычына ў іншым. Кампанія заявіла, што калі на вуліцы большасць людзей размаўляе па-руску, то і гаварыць няма пра што.

«Наша марозіва было адказам на ўсе гэтыя размовы і спрэчкі. Мы вырашылі не спрачацца, а проста зрабіць», — дадае Максім Журовіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?