Андрэй Рыбакоў: удалося!

Андрэй Рыбакоў: удалося!

Цяжкаатлет Андрэй Рыбакоў заваяваў для Беларусі першае алімпійскае срэбра. А Андрэй Міхневіч атрымаў бронзу ў у штурханьні ядра. Яшчэ дзьве бронзы здабытыя ў акадэмічным веславаньні: Кацярынай Карстэн і двойкай у складзе Натальлі Гелах і Юліі Бічык. Хоць ні адна зь іх не пакінула задавальненьня, бо чакалі большага, тым ня менш яны вывелі нашу нацыю наперад па колькасьці ўзнагародаў.

Беларускі штангіст Андрэй Рыбакоў заваяваў срэбра Алімпіяды-2008. Да золата не хапіла драбніцы. Яго вынік у суме двухбор'я - 394 кг (Андрэй узьняў у рыўку 185 кг, а штурхнуў – 209. ), дакладна такі самы, як у кітайскага штангіста Лу Ёнга. Але той аказаўся лягчэйшым за беларуса на 280 грамаў, што і прынесла яму залаты алімпійскі мэдаль.

Найбольшыя нашы надзеі заставаліся на лёгкаатлетаў, і яны пачалі іх спраўджваць.

У фінал прабіліся ўсе тры штурхальнікі ядра. Андрэй Міхневіч з 20,48 м меў пасьля кваліфікацыі трэці вынік. І сваё месца ўтрымаў. У фінале ён пусьціў ядро на 21,05 м. Саступіў ён паляку Томашу Маеўскаму, ды амэрыканцу. Віншуем!

Яшчэ двума бронзавымі мэдалямі папоўнілася скарбонка беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Пэкіне ў суботу. Узнагароды былі заваяваныя ў акадэмічным веславаньні. Але ні адна зь іх не пакінула задавальненьня, бо чакалі большага.

Спачатку ў фінале адзіночкі пачала выступ Кацярына Карстэн, двухразовая алімпійская чэмпіёнка. Выйграць у трэці раз ёй не ўдалося. На фінішы Кацярына была толькі трэцяй. Яна прайграла сваёй адвечнай суперніцы Румяне Нэйкавай з Баўгарыі, а таксама Мішэль Гуэрэце з ЗША.

Пазьней на старт выйшла двойка распашная Натальля Гелах і Юлія Бічык. Усю дыстанцыю дзяўчаты трымаліся другімі пасьля румынскага дуэту, але на фінішы зусім не хапіла сілаў нават для таго, каб абараніць сваю пазыцыю. Гэта выкарысталі кітаянкі Ю Ву, Юлан Гао. Беларускі паўтарылі сваё дасягненьне Афінаў — бронза.

Такім чынам, Беларусь ужо заваявала шэсьць мэдалёў (адно срэбра і пяць бронзаў). Прычым мэдалі мы бяром у дысцыплінах асілкаў: цяжкой атлетыцы, барацьбе, штурханьні ядра. Дужы народ!

Беларусь выйшла на 14-е месца па агульнай колькасьці мэдалёў, саступаючы толькі найбольшым спартовым магутнасьцям сьвету. Вось агульны мэдальны залік па стане на 13.00 16 жніўня:

ЗША 16 15 19 (50)
Кітай 27 11 6 (44)
Аўстралія 7 8 10 (25)
Францыя 3 9 10 (22)
Расея 4 8 8 (20)
Карэя 6 9 4 (19)
Нямеччына 8 4 5 (17)
Італія 6 5 4 (15)
Японія 6 5 4 (15)
Брытанія 5 2 5 (12)
Украіна 4 0 5 (9)
Куба 1 3 4 (8)
Нідэрлянды 1 2 4 (7)
Беларусь 0 1 5 (6)
Чэхія 2 3 0 (5)
Румынія 2 1 2 (5)
Азэрбайджан 1 2 2 (5)
КНДР 1 1 3 (5)
Бразылія 1 0 4 (5)
Вугоршчына 0 4 1 (5)

На мэдалі сёньня наша каманда можа разьлічваць у спаборніцтвах кідальнікаў ядра, дзе выступяць Надзея Астапчук і Натальля Харанека. Фінал распачынаецца а 14-й гадзіне па менскім часе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?