Трэнд апошніх дзён — рэгістравацца ў новай сацыяльнай сетцы Nimses, якая трымае топ-месцы ў AppStore i PlayMarket.

Да гэтага больш схільная моладзь — па тэгу #nimses адшукаеце тысячы допісаў у іншых сацыяльных сетках, якія заклікаюць ствараць акаўнты і атрымліваць цуда-німы ў мабільным дадатку, якія вы пасля нібыта зможаце абмяняць на рэальныя грошы ці рэчы. 

Што гэта такое? «Наша Ніва» паспрабавала разабрацца ў алгарытмах праграмы. 

Самі распрацоўшчыкі тлумачаць сэнс новай сеткі расплывістымі метафізічнымі фармулёўкамі: 

«Nimses дазваляе ствараць, фіксаваць, захоўваць і назапашваць пражыты чалавекам час. Яно таксама можа працаваць у якасці сістэмы для перадачы часу жыцця ад аднаго чалавека да іншага. Nimses дазваляе сцерці межы паміж анлайн і афлайн, паміж жыццём і заробкам на жыццё, паміж мець і быць. Гэта сусветная сістэма ўсяго некалі пражытага часу. Цяпер час можна выдаткоўваць разумна — на годных людзей, вечарыны, ежу, вопратку — і ўвогуле, што заўгодна!», — кажуць аўтары, нічога не праясняючы. 

А выглядае ўсё так — пасля сцягвання і рэгістрацыі ў мабільным дадатку вы атрымліваеце па адным «німу» — унутранай валюты — за адну хвіліну.

Сама сетка нагадвае сімбіёз інстаграма з грувасткім дызайнам і сеткі знаёмстваў Tinder. Толькі замест лайкаў — «німы». Скажам, калі вы кагосьці лайкаеце, то да яго ад вас пераходзіць нейкая колькасць «німаў» і наадварот. 

Курс «німа» да даляра — 1000 за $1. 

Таксама вы можаце бачыць усіх людзей побач з вамі, якія фізічна знаходзяцца каля вас. Іх фота, адпаведна, таксама. Тут логіка ў блізкасці знаходжання, а не ў падпісцы на іншыя акаўнты. Якасць кантэнта таксама мусіць быць вырашальнай — стваральнікі думаюць, што карыстальніку давядзецца абіраць, на што выдаткаваць свае «німы» і не лайкаць абы-што.

Але вернемся да грошай. Ці можна верыць, што тыя «німы» вы здолееце абмяняць на грошы? 

Вывучыўшы праграму, мы схіляемся да высновы, што не. 

Найперш, тыя «німы» нічым не забяспечаныя, калі толькі не ўявіць, што распрацоўшчыкі захочуць дзяліцца з карыстальнікамі сваімі прыбыткамі ад рэкламы.

Зрэшты, калі адкрыць акенца вываду сродкаў, то мы ўбачым вельмі дзіўны курс да даляра — ажно на 1 лютага 2018 года! Гэта запланаваны час, калі запрацуе магчымасць вываду грошай.

Таксама ёсць анлайн-крама, якая не працуе, але мае празрысты дызайн. Ён намякае, што за тыя «німы» можна будзе набыць нават матацыкл — у пераводзе на даляры за $8000, альбо за прыкладна 15 гадоў карыстання Nimses, пры ўмове адсутнасці хоць якой актыўнасці. Калі вас будуць актыўна лайкаць, то час можна зменшыць. 

Словам, пакуль што няма падставаў верыць, што карыстальнік атрымае нейкі прафіт ад гэтай сеткі.

Затое можна думаць, што на «хайпе» аўтары хочуць зарабіць на рэкламе ці перапродажы дадатка. Скажам, калі ў вас ёсць некалькі тэлефонаў, то вы за месяц актыўных лайкаў асноўнага акаўнта зможаце стаць «нім»-мільянерам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?