У Беларусі да 2019 года могуць паступова павысіць ліміты на пасылкі з-за мяжы да 200 еўра ў месяц. Пра гэта 8 чэрвеня на круглым стале па пытаннях электроннага гандлю паведаміла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Наркевіч, піша Tut.by.

Па словах Ірыны Наркевіч, з моманту ўвядзення лімітаў на пасылкі Белпошта страціла досыць буйную суму грошай.

«Мы ведалі, што адбудзецца пераразмеркаванне патокаў тавараў на тэрыторыю Расіі — паштовыя аддзяленні Бранскай і Смаленскай абласцей цяпер актыўна працуюць на Беларусь, — расказала намеснік міністра. — Таму пошта цяпер актыўна ініцыюе вяртанне ранейшых сум лімітаў».

Вяртанне да ліміту ў 200 еўра ў месяц «Белпошта» прапануе праводзіць паступова да 2019 года. Як адзначае Ірына Наркевіч, імгненнае вяртанне да ранейшых сум немагчыма. Канкрэтныя даты павышэння лімітаў намеснік міністра таксама не называе:

«Цяпер ідзе абмеркаванне гэтага пытання сумесна з Дзяржаўным мытным камітэтам. Яны прапанавалі такі варыянт: каб агульная сума пасылак у месяц не перавышала 200 еўра, а кошт адной застаўся на ўзроўні 22 еўра. Гэта значыць чалавек зможа бяспошлінна заказваць больш рэчаў».

Нагадаем, ліміты на пасылкі з-за мяжы і ўвоз тавараў з-за мяжы былі ўведзеныя 14 красавіка 2016 года. Прычынай узмацнення жорсткасці лімітаў бяспошліннага ўвозу тавараў з'явілася значнае павелічэнне аб'ёмаў увозу тавараў у камерцыйных маштабах у адрас фізічных асоб без выплаты мытных плацяжоў. За мінулы год беларусы атрымалі 12,7 мільёна міжнародных паштовых адпраўленняў, і толькі 1% з іх, паводле даных ДМК, перавышаў ліміт 22 еўра. За перавышэнне лімітаў беларусы летась заплацілі 2,4 мільёна рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0