Справа тут не ў тым, што гледачоў падчас пастаноўкі частуюць самагонкай і скваркамі. А ў прарыўной форме, абранай для расказвання гісторый з кніжкі. Ды ваеннай з постваеннымі тэмамі, якія, нягледзячы на сваю збітасць, да гэтага часу актуальны, бо не ўсё, што нам дазволілі ведаць пра Беларусь ХХ стагоддзя, ёсць праўда.

«Верабейка» дазваляе ўбачыць альтэрнатыўную карціну вайны»

Кніга Бартосіка вырасла з перадачы на радыё «Свабода», для якой ён падарожнічаў па беларускіх глыбінках і збіраў галасы простых людзей. У выданне ўвайшлі 35 гісторый.

Фота: lit-bel.org.

Фота: lit-bel.org.

«Я не гісторык, я проста езджу па Беларусі і размаўляю з людзьмі. І буду працягваць гэтым займацца далей. Мне цікава выцягнуць з чалавека тое, што заўтра ён знясе з сабой у магілу, бо без гэтай асобнай гісторыі карціна вайны і постваеннага жыцця не будзе поўнай. Мая карціна вайны даволі лакальная, мясцовая і правінцыйная, але яна вельмі чалавечная», — кажа Зміцер.

Для дэманстрацыі кніжкі драматургі Мікалай Халезін і Марыя Бяльковіч абралі выдатную форму — вясковае застолле. Дзень нараджэння Рэгіны гледачы разам з акцёрамі святкуюць за адным сталом. Так, гледачоў садзяць за адзін стол з акцёрамі на сцэне. Такі фармат вячорак, дзе ёсць месца і спрэчкам, і спевам, і танцам, а калі-нікалі і бойкам. Усё гэта даўно ўспрымаецца як нешта само сабой зразумелае і штодзённае, таму, відаць, ніхто і не думаў выкарыстаць дзею ў якасці формы для перформансу. А вось Мікалай Халезін з трупай задумаліся. І ва ўмовах, калі ўвесь сучасны тэатральны свет на вызначальных канферэнцыях шукае адказ на галоўнае пытанне: як уключыць гледача у працэс кіравання спектаклем, — Свабодны тэатр знайшоў мадэль, якая ледзь не пад нагамі валялася. І яна выбухнула.

Геніяльная прастата — як раз тое, што мне падабаецца ў працах Свабоднага. У іх няма дарагіх дэкарацый і шыкоўнай сцэны, невялікі пакойчык лёгка ператвараецца то ў пляц, то ў вясковую хату, то ў раён Кунцаўшчыны… Ну, і сапраўднасць: бутафорская гарэлка — для слабакоў, пастановачныя бойкі — таксама.

Гісторыі ў «вольных» робяцца выключна акцёрска-рэжысёрскімі сродкамі, і сцены чароўна бурацца. Асабліва, калі табе на вуха пад працяглы гук гармоніка маладая дзяўчына з сумам расказвае пра смерць суседскіх дзяцей. Ці калі з вуснаў акцёра Аляксея Сапрыкіна льецца нелітаратурная, прыродная мова. Так у тэатры з дапамогай простых сродкаў нараджаецца магія.

«Усе інавацыйныя праекты ляжаць у полі відавочнага, няма ў сучасным мастацтве звышнатуральных рэчаў, толькі калі там не задзейнічаны новыя тэхналогіі. Чаму ніхто да нас не выкарыстоўваў форму застолля? Таму што тэатр — гэта архаічная структура. 95 працэнтаў з тых, хто яго сёння робіць, існуюць ў традыцыйным фармаце. Людзі працягваюць думаць катэгорыямі сцэны і гледачоў, размешчаных насупраць адзін аднаго», — каменціруе рэжысёр Мікалай Халезін.

«У правінцыі — больш разняволеная публіка, у Мінску — дысцыплінаваная»

На роўных правах у спектаклі удзельнічаюць як бывалыя ўдзельнікі трупы, так і студэнты студыі «Fortinbras», кожны з якіх прайшоў моцную школу пры Свабодным тэатры.

Акцёры рыхтуюцца да прыёму гасцей загадзя. Ва ўмовах цеснай інтэракцыі з гледачом мала проста згадаць тэкст і настроіцца. Галоўныя героі і гераіні «Верабейкі» жывуць падзеяй яшчэ калі набываюць ежу і выпіўку да стала, гатуюць усё гэта і сервіруюць.

Цікава, што, нягледзячы на тое, што фармат стала прадугледжвае дыялог, амаль ніхто з сталічных гледачоў, дзе часцей за ўсё і іграецца спектакль, не пачаў дзяліцца сваёй уласнай ваеннай гісторыяй. Камусьці, відаць, не было чаго сказаць. Але былі і тыя, хто банальна прамаўчаў. «Занадта дысцыплінаваная публіка» — такое азначэнне фармулюе для сталічнай аўдыторыі Халезін. Што цікава, у правінцыі ўсё складваецца інакш. Пакуль што Свабодны тэатр наведаў толькі Гродна, аднак уражанняў ад адной гэтай паездкі ў іх багата: людзі дадавалі свае расказы да кніжных і іх было не спыніць. Тут ужо акцёры ператвараліся ў слухачоў.

«У беларусаў адсутнічае крытычнае мысленне, і трэба з гэтым працаваць»

У бліжэйшы час Свабодны тэатр хоча зрабіць падобны праект пра Вялікабрытанію. У якасці трэніроўкі Мікалай з жонкай арганізавалі ў Лондане «Kitchen Revolutions»: «Мы з сям'ёй вельмі любім гатаваць. І нядаўна запрасілі 30 брытанцаў на званую вячэру. Акрамя звычайных гледачоў, у якасці спікера быў запрошаны Пол Мэйсан, адзін з вядучых брытанскіх журналістаў. 4 стравы і размовы пра палітыку і мастацтва — вечная спрэчка, якая ў нас цягнулася амаль тры гадзіны. Прайшло ўсё бліскуча».

Але галоўная мэта свабодных — як мага больш дэманстраваць «Верабейку» ў Беларусі. Тэатральны тур па Беларусі ад падпольнага тэатра — такога ў нас яшчэ не было.

«У спектаклі гучыць наша жывая, вясковая гаворка. І для нас гэта вельмі важна, бо мы — беларускі тэатр. Ёсць і яшчэ адзін важны момант. У беларусаў, на жаль, адсутнічае крытычнае мысленне ў кірунку гісторыі. Кніжка «Быў у пана верабейка гаварушчы» дазваляе паглядзець на падзеі 30-50-х гадоў пад іншым ракурсам, не тым, які нам навязваюць, запусціць крытычнае мысленне», — называе галоўныя мэты, дзеля якіх ладзіўся спектакль, Халезін.

Калі неяк падагульняць, то новы спектакль Свабоднага тэатра стаў класнай магчымасцю ўсім нам сабрацца за сталом і, нарэшце, выгаварыцца пра набалелае.

Каб трапіць на такі сеанс тэрапіі, трэба ўважліва сачыць за анонсамі чарговых паказаў «Верабейкі» ў сацыяльных сетках. Звычайна 20 даступных месцаў разбіраюць менш чым за паўгадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?