09.06.2017 / 22:11

«Якубовіч прыводзіць прыклады з архіва пра Тарашкевіча, які наўрад ці быў ягоным сваяком» 22

Піша Дзьмітры Гурневіч, радыё «Свабода».

Павал Якубовіч у інтэрвію Ганьне Соўсь называе дзіцячым жаданьне беларусаў адкрыць архівы пра камуністычныя рэпрэсіі. Раней у цынізьме яго пераплюнуў хіба што толькі Аляксандар Лукашэнка, які ўшчуваў Захад, каб той не паганяў беларусаў да дэмакратыі, маўляў, яны да яе яшчэ не дарасьлі.

У панядзелак рэдактар «СБ. Беларусь сегодня» паспрыяў дачцэ забітага камуністамі паэта Тодара Кляшторнага паглядзець сакрэтныя дакумэнты па справе рэпрэсаванай маці. Маці, як жонку ворага народу, адправілі зь дзецьмі ў лягер. Тодара Кляшторнага рэабілітавалі 60 гадоў таму, маці вярнулася ў Беларусь пасьля сьмерці Сталіна, але дачка змагла патрымаць у руках і вывучыць сакрэтныя дакумэнты на 81 годзе жыцьця.

Мая Тодараўна і раней спрабавала пазнаёміцца з гэтай папкай. Але ёй зачытвалі ўслых асобныя аркушы, не дазваляючы нават зазірнуць у іх. Што ж там такога было? Сакрэтныя нумары ядзернай бомбы, ці пін-код да залатога запасу краіны?

Таямніцу раскрывае сам Павал Якубовіч: «Пусьціце ў архіў». Дружок, што ты ў архіве знойдзеш? У большасьці крымінальных справаў хаваюцца страшныя падрабязнасьці, якія шакуюць».

Якубовіч, дарэчы, прыводзіць пару прыкладаў з архіву наконт Браніслава Тарашкевіча, які наўрад ці быў ягоным сваяком. Сваю цікавасьць да дэталяў чужой справы рэдактар «Советской Белоруссии» дзіцячай, відаць, не лічыць. Але іншым беларусам у гэтым праве адмаўляе.

У маёй сям'і былі рэпрэсаваныя каля дзясятка чалавек. Усіх іх рэабілітавалі, прызнаўшы гэтым самым злачыннасьць суду і судовых выканаўцаў. Я хачу ведаць пра іх справы ўсё, і хачу пра гэта размаўляць. Хачу, каб даносы і перасьлед за погляды былі названыя па-імяні, дзеля таго, каб зьнішчыць табу, якое гэтую подласьць узносіць у ранг каштоўнасьцяў нават сёньня. Гэта частка гісторыі маёй сям'і. Як і Якубовіч, я хачу ведаць пра яе ўсё. Ці дзеля гэтага я абавязкова мушу ўзначаліць друкаваны орган Адміністрацыі прэзыдэнта?

Злачынствы Сталіна прызналі яшчэ ў часы Хрушчова, а дзяржава працягвае гуляць зь беларусамі «ў кошкі-мышкі». Знаёмства Маі Кляшторнай з дакумэнтамі здымалі на фота ў рэдакцыі, як быццам гэтую папку ўзьнялі з дна Паўночнага Ледавітага акіяну і аднаўлялі па крупінах у лябараторыі Акадэміі навук.

Што замінала зрабіць гэта 10 ці 20 гадоў таму? Чаму спрыяць перадачы дакумэнтаў мусіў Якубовіч? Калі б гэтыя паперкі Кляшторнай паказалі раней, то што, зямля б сышла з арбіты, а сонца б перастала сьвяціць?

Сёньня ўлада так шмат кажа пра патрэбу ўшанаваньня забітых у Курапатах, пра помнік, пра справядлівасьць. Калі гэта шчырае памкненьне, дык адкрыйце архівы КДБ для ўсіх. Палякі, вугорцы, немцы ўжо даўно гэта зрабілі, і людзі там жывыя, няма помсты сваякам катаў, няма новай крыві. Дазвольце кожнаму, без дапамогі Паўла Якубовіча, пабачыць усё, што ляжыць у папках.

Архівы зачыненыя, месцы расстрэлаў не называюцца, імёны катаў не афішуюцца. Але дзяржава кажа пра прымірэньне і ўшанаваньне памяці ахвяраў. Гэта неверагоднае прыніжэньне нацыі. Пакуль яна гэтага ня зьменіць, то будзе сьвядома стаяць на баку забойцаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
Евгениуш / Адказаць
09.06.2017 / 22:24
Молодец Гурневич! Позор властям, скрывающим правду!
1
Running / Адказаць
09.06.2017 / 22:43
+101000 Дзьмiтры. Не Якубовiчу вырашаць, цi хачу я ведаць прауду. Пэуна, нашчадкi нкусаускiх катау вельмi баяцца засвяцiць свае прозвiшчы.
1
Павел Ас / Адказаць
09.06.2017 / 22:46
Архівы трэба адчыняць дзеля ўсталявання ГІСТАРЫЧНАЙ СПРАВЯДЛІВАСЦІ. А тое, што чалавечая натура паскудна, і не заўжды тое што з наружы адпавядае рэчаіснасці, гэта я і без Якубовіча ведаю :-(
Паказаць усе каментары/ 22 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру