Жаночая зборная Беларусі па баскетболе выйшла ў чвэрцьфінал алімпійскага турніру.
15 жніўня ў чацвёртым туры групавога этапа падапечныя Анатоля Буяльскага выйгралі ў каманды Паўднёвай Карэі з лікам 63:53 (12:15, 21:13, 17:9, 13:16).
Стартавыя хвіліны для беларусак былі правальнымі: яны прайгравалі саперніцам 0:9, 2:13, але затым скарацілі разрыў — 12:13 і ў другой чвэрці выйшлі наперад.
У складзе зборнай Беларусі вызначыліся Кацярына Сныціна (15 ачкоў), Таццяна Троіна (12), Анастасія Верамеенка (14), Алена Леўчанка (10), Наталля Трафімава (5), Вольга Масілёнене (3), Вольга Падабед, Наталля Марчанка (па 2).
У іншых матчах групы "А" Латвія прайграла Аўстраліі — 73:96, а Расія ўзяла верх над Бразіліяй — 74:64.
Становішча каманд: Аўстралія — 8 ачкоў (розніца мячоў 349-264); Расія — 8 (284-258); Беларусь — 6 (271-264); Паўднёвая Карэя — 5 (255-292); Латвія — 5 (266-315); Бразілія — 4 (269-301).
У групе "В" Чэхія выйграла ў Новай Зеландыі — 90:59, Кітай — у Малі — 69:48, а ЗША — у Іспаніі — 93:55.
Становішча каманд: ЗША — 8 (395-216); Кітай — 7 (279-283); Чэхія — 6 (283-277); Іспанія — 6 (278-277); Новая Зеландыя — 5 (260-327); Малі — 4 (208-323).
17 жніўня ў заключным матчы папярэдніх спаборніцтваў Беларусь згуляе з Бразіліяй, якая страціла ўсе шансы на выхад у чвэрцьфінал. Гэтыя каманды сустракаліся ў алімпійскім кваліфікацыйным турніры, што прайшоў у чэрвені ў Мадрыдзе. Беларускі атрымалі перамогу (86:79).