10.06.2017 / 18:40

У Магілёве згарэў помнік архітэктуры XIX стагоддзя 6

У Магілёве згарэў помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. Стары будынак не эксплюатаваўся з 2006 году і пакрысе разбураўся. Два дзясяткі гадоў таму ў ім месьціўся выцьвярэзьнік.

Квартал старых камяніцаў на вуліцы Лазарэнкі з той, якая згарэла

Прычыны пажару высьвятляюцца. Паводле абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, пажарам зьнішчана 100 квадратных мэтраў даху і 50 квадратных мэтраў перакрыцьцяў. Пацярпелых няма. Паведамленьне пра пажар паступіла пасьля 22 гадзін вечара.

Нутро часткі будынка, дзе быў выцьвярэзьнік, выгарала цалкам. Дах зьнішчаны над усёй будынінай. Са сьцяны зьнікла шыльда, што будынак — помнік архітэктуры.

Будынак, у якім быў пажар, з тыльнага боку

Паводле мясцовай жыхаркі Натальлі, якая выйшла на вуліцу пачуўшы сырэны, пажарам быў ахоплены ўвесь будынак. Пажарныя змагаліся з полымем да шасьці гадзінаў раніцы.

Старшыню абласной рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімера Краўчанку ня дзівіць, што стары будынак у цэнтры гораду на вуліцы Лазарэнкі згарэў.

На гэтай вуліцы, кажа ён, знаходзіцца квартал старых камяніцаў у занядбаным стане. Абаронца мясцовай даўніны адзначае, што Таварыства неаднаразова патрабавала ад чыноўнікаў, каб яны перадалі гэтыя будынкі «хоць каму-небудзь дзеля якойсьці гаспадарчай дзейнасьці».

«Аднак уладзе важная сама тэрыторыя, якую яны плянамерна зачышчаюць, а помнікі архітэктуры ім перашкаджаюць», — выказвае свой погляд на праблему Ўладзімер Краўчанка.

«Я не зьдзіўлюся, — адзначае ён, — калі высьветліцца ў ходзе сьледзтва, калі яно будзе распачатае, што будынак умысьля быў падпалены».

Паводле Ўладзімера Краўчанкі, будынак, пакуль у ім быў выцьвярэзьнік, належаў абласному ўпраўленьню ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму. Затым яго перадалі магілёўскім камунальнікам.

Такім дом быў да пажару

«Захадаў, каб абараніць будынак, камунальнікі не рабілі. Ён стаяў і чакаў вырашэньня свайго лёсу. Скончылася ўсё пажарам», — падсумаваў Краўчанка.

Сёлета ў Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцін карэспандэнт Свабоды пабываў у будынках на вуліцы Лазарэнкі. У тым, што згарэў, былі расчыненыя дзьверы. У будынку рэзка пахла цьвільлю ды зьляжалым бытавым сьмецьцем, столь паабвальвалася. У пакоях гаспадарылі бяздомныя.

У Міжнародны дзень помнікаў і гістрычных мясьцін на будынку яшчэ была ахоўная шыльда. Цяпер яе няма

Дамы з ахоўнымі шыльдамі добра праглядаюцца з вышыні транспартнай разьвязкі. На фасадах боўтаюцца рэшткі выцьвілай банэрнай сеткі. У 2007 годзе занядбаныя будынкі хавалі за ёю ад Аляксандра Лукашэнкі, калі той наведаў горад для адкрыцьця новай транспартнай разьвязкі з мостам цераз Дубравенкаўскі яр. Банэрную сетку пажар не крануў. Цяпер яна боўтаецца на будынку са згарэлым дахам.

У стары дом прайсьці было без праблемаў. Дзьверы расчыненыя

0
кузяпанк / Адказаць
10.06.2017 / 18:50
у гродне былы бровар, пад литвой касцёл, у магилёве камяница..."что то не так"
0
Valadzimir / Адказаць
10.06.2017 / 22:47
Прыёмчык знаёмы і напоўную выкарыстаны манкуратамі ў сталіцы "Страны бульбаша Бело-Раши" Мінске, дзе амаль весь Стары горад "зачысьцілі" ад аўтэнтычных будынкаў, замест іх набудавалі муляжоў з сілікату, на якія панавешвалі таблічкі "историко-культурная коштовность".
0
Габрусь / Адказаць
11.06.2017 / 03:24
У жніўні 2016 года на вуліцы Грамадзянскай быў зьнішчаны будынак, пра які 
НІВОДНЫ 
краязнаўца ці гісторык ня ведаў яго арыгінальнага прызначэньня. Існавалі гіпотэзы, што гэта магла быць габрэйскай пачатковая школа (хэдэр), ці можа ешыва. Але ніхто не мог з упэўненасьцю сказаць, ці гэтыя гіпотэзы наогул адносяцца менавіта да гэтага будынка. Таму ніхто не быў супраць, каб яго выдалілі са сьпісу каштоўнасьцей і зраўнялі з зямлёй.
------
Пакуль я пару месяцаў таму выпадкова не вычапіў высокаякасны скан вядомага здымка Школішча, з якога яскрава высьвятлілася, што будынак быў вялікай сінагогай.
------
На здымку яскрава бачна, што левая (усходняя) частка будынка была вялікай залай, з высокімі арачнымі вокнамі, якую відаць у 30х падзялілі на 2 паверхі. Вокны заклалі, і больш ніхто не мог здагадацца пра першапачатковы выгляд і прызначэньне будынка.
------
Такім чынам з-за абыякавасьці абаронцаў магілёўскай гістарычный спадчыны ў 21м стагодзьдзі, у мірны час была зьнішчаная найстарэйшая (будынак датуецца пачаткам 19ст.) арыгінальная мураваная сінагога, адна з 3х найбуйных у горадзе. Сінагога якая перажыла рэвалюцыю, барацьбу з рэлігіяй, вайну, была зьнішчаная з-за абыякавасьці Магілёва да сваёй гісторыі.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру