Мы патэлефанавалі Яўгену, каб ён растлумачыў, што меў на ўвазе.

Яўген Зуеў у акружэнні мадэляў.

Яўген Зуеў у акружэнні мадэляў.

«Наша Ніва»: Яўген, у інтэрв’ю падчас кастынгу вы разважалі пра ідэалы прыгажосці: «Кожны з нас хоча жыць лепш, кожны мужчына хоча мець прыгожую жанчыну, кожная жанчына хоча мець прыгожае цела». Дык а што рабіць тым, каму, па вашай філасофіі, не пашанцавала з фізічнымі дадзенымі?

Яўген Зуеў: СМІ і чытачы, як заўсёды, вырвалі асобныя выказванні з кантэксту. Я меў на ўвазе менавіта сітуацыю з мадэлямі: шмат дзяўчат у анкеце пра сябе пазначылі куды большыя памеры грудзей, чым ёсць на самой справе.

Я лічу, што любая жанчына прыгожая, але для тых, хто нечым незадаволены, у нас ёсць станікі пуш-ап. На гэтую тэму ёсць жарт, што наш бізнэс дапамагае падманваць мужчын. Пры гэтым мы робім гэта не вульгарна, а арыстакратычна, без намёкаў на сэксуальныя дамаганні.

«НН»: Падман патрэбны толькі для таго, каб знайсці, як вы кажаце, «самца»? Гэта галоўнае прызначэнне жанчыны?

ЯЗ: Калі жанчын будуць кахаць толькі за грудзі, то чаго тады варта гэтае каханне? У іх ёсць шмат іншых якасцяў: розум, здольнасць камунікаваць, раздзяляць з партнёрам цяжкасці. Наша кампанія ўспрымае жанчыну як асобу, якая, у першую чаргу, набывае бялізну для сябе любімай.

«НН»: Але пры гэтым вы кажаце пра нейкія ўмоўныя ідэалы прыгажосці (падцягнутае цела, напрыклад), якім трэба адпавядаць усім, каб быць канкурэнтаздольным…

ЯЗ: У інтэрв'ю з журналістамі мы абмяркоўвалі, што большасць вытворцаў, калі робяць рэкламу, стараюцца знайсці жанчыну з прывабнай фігурай, каб лепш прадаць адзенне праз сэкс. Але, само сабой, ва ўсіх людзей розныя густы. Сказаўшы, што ў модзе падцягнутае цела, я не імкнуўся нейкім чынам абразіць жанчын, якія не адпавядаюць ідэалам прыгажосці. Проста хацеў адзначыць, што, нягледзячы на моду на здаровы лад жыцця, беларусы ўсё роўна не масава займаюцца спортам і правільна харчуюцца. Праблема тычыцца і мужчын: паглядзіце, у колькіх дзядзькоў піўны жывот. І гэта, з майго пункту гледжання, не ёсць добра, бо якраз падцягнутасць і азначае, што чалавек здаровы.

І калі зноў жа размаўляць пра фізіялогію, давайце будзем шчырыя. Калі па вуліцы ідзе мужчына, а насустрач яму — дзве жанчыны: адна спартыўная, а другая не. На каго ён зверне ўвагу? Канечне ж, на першую, таму што такая ў нас фізіялогія.

Можа, нейкая дзяўчына ўбачыць наш рэкламны плакат і захоча быць падобнай да мадэлі — не бачу нічога дрэннага ў тым, калі мы матывуем чалавека.

Я не выключаю, што ў будучыні «Мілавіцу» могуць прадстаўляць і мадэлі «плюс сайз».

Не таму, што гэта дыктуе мода, а таму што мы адчуем такія патрэбы аўдыторыі. Мы ў прынцыпе даўно робім стаўку на жанчын з вялікімі памерамі — гэта нашы асноўныя кліенты. У нас шырокі памерны шэраг, якім можа пахваліцца далёка не кожны вытворца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?