У сьвеце – падрыхтоўка да перавыбараў прэзыдэнта ФІДЭ і аб’яднальнага матчу Тапалаў–Крамнік, у нас – чэмпіянаты краіны сярод ВНУ і клюбаў.

Беларуская шахматная ўнівэрсіяда прайшла ў канцы красавіка ў Нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце. Удзел у спаборніцтвах бралі аж 24 каманды. Дошак для гульні ў БНТУ не хапіла, і асобным гульцам прыйшлося міграваць у СДЮШАР-11.

Колькасны рост суправаджаўся падзеньнем якасьці партыяў. Зборнай Міжнароднага інстытуту працоўных і сацыяльных стасункаў, што прайграла ўсе сустрэчы, удзельнікі раілі падужацца з пэнсіянэрамі ў парку Чалюскінцаў… Зрэшты, міжнародны майстар Раман Лаўрэцкі, супрацоўнік навучальнай установы ФПБ, паабяцаў скора правесьці сваіх выхаванцаў «у дамкі».

Кур’ёзам скончылася адна з «жаночых» партыяў: напачатку партнэркі забылі памяняць месцамі караля і фэрзя, а пазьнейшы пратэст быў адхілены. Згодна з рашэньнем судзьдзяў, якія спаслаліся на рэглямэнт ФІДЭ, калі ў партыі зроблены тры хады, то памылка ў расстаноўцы лічыцца «заігранай». Гэта зьбянтэжыла нязьменнага трэнэра каманды БДПУ Юр’я Тэпера: з-за новых правілаў пэдагогі страцілі паўбала.

Наймацнейшымі былі гаспадары пляцоўкі – Мікіта Маёраў, Аляксандар Скалазубаў, Уладзімер Раманенка, Яўген Лясота, Ірына Бялько, Ірына Кірык. Другое месца – у БДУ, трэцяе – у Гарадзенскага дзяржунівэру. Каманда ўнівэрсытэту фізвыхаваньня ня трапіла ў лік прызэраў, бо мела няроўны склад: гросмайстры – на першых дошках, аўтсайдэры – на апошніх.

У клюбным чэмпіянаце краіны (5–9 траўня) камплектаваньню камандаў увага надавалася за паўгоду да імпрэзы. Сёлета капітаны абышліся безь легіянэраў, аднак чэмпіёнскаму клюбу «Вясьнянка» ўдалося залучыць да сябе гросмайстра Аляксея Фёдарава, а «Вэктару», віцэ-чэмпіёну 2004–2005 гг., – рэйтынг-фаварыта Аляксея Аляксандрава. У выніку «Вясьнянка-Гран» перамагла ўва ўсіх сямёх турах, «Вэктар» прайграў толькі адзін матч. Добра выступіла і берасьцейска-гарадзенская каманда «Брэмар» – падзяліла 3–4 месцы зь менскім «Нэаквартам», саступаючы яму паводле рэйтынгу.

ВР

Як бы вы згулялі?

Р. Холмаў — А. Суэцін, Ерэван, 1962. Ход белых.

Адказ: 1. g6! fg (1…hg 2. Фd8+ i 3. Tf3) 2. Фd8+ Kpf7 3. Td5! і выйгралі. Абодва гросмайстры доўга жылі ў Беларусі, а памерлі ў Расеі (Ратмір Холмау — 18 лютага 2006 г. ва ўзросьце 80 гадоў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0