Цікавы выпадак адбыўся 12 чэрвеня ў Маскве падчас несанкцыянаванай акцыі супраць карупцыі, якую арганізоўваў Аляксей Навальны.

Сярод тых, хто выйшаў на пратэст, быў журналіст «Незавісімой газеты» Павел Скрыльнікаў. Яго затрымалі, як кажа Павел, за выкрыкванне лозунгаў супраць карупцыі, а таксама «Пуцін — злодзей».

Павел Скрыльнікаў. Фота з facebook.com.

Павел Скрыльнікаў. Фота з facebook.com.

Аднак у пратаколе нечакана быў запісаны не артыкул 20.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне вызначанага парадку арганізацыі альбо правядзення збору, мітынгу, дэманстрацыі, шэсця або пікетавання», а 20.3 «Прапаганда альбо публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі або сімволікі». Сам Скрыльнікаў не выключае, што такое магло адбыцца па памылцы.

Што ж маглі палічыць за «нацысцкую сімволіку»? Журналіст выйшаў на мерапрыемства ў саколцы з эмблемай беларускага хакейнага клуба «Нёман». «Быў у Гродне некалі, купіў майку на сувенір. Дарэчы, выдатны горад», — расказвае Павел.

Майкі «Нёмана» выглядаюць прыкладна так.

Майкі «Нёмана» выглядаюць прыкладна так.

Колеры «Нёман» — бела-чырвона-чорныя. Некалі такім сцягам карысталіся актывісты нацыяналістычнай Беларускай партыі Свабоды. А чырвона-чорнымі штандартамі ва Украіне паслугоўваюцца прадстаўнікі «Правага сектара». Таму, можа, сапраўды такое колеравае спалучэнне кімсьці ў Расіі магло быць успрынята як «нацысцкая сімволіка»?

Суд над Паўлам Скрыльнікавым павінен адбыцца 15 чэрвеня. Сам хлопец мяркуе, што ён можа зацягнуцца на доўгі тэрмін.

Што тычыцца агульнага настрою пасля маскоўскай акцыі апазіцыі, то Павел кажа наступнае:

«Ніхто нічога асаблівага не чакаў. Людзі выходзяць не за Навальнага, а таму, што сумленне кліча. Мне здаецца дастаткова правільным рашэннем тое, што Навальны пайшаў на абвастрэнне, а не змірыўся з санкцыянаванай пляцоўкай. Было шмат моладзі, я сярод затрыманых быў ці не самым старэйшым [Паўлу 26 гадоў — «НН»]. Шмат студэнтаў, якія цяпер баяцца адлічэнняў з універсітэтаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?