Апошнія суткі ў фэйсбуку адзначыліся дзіўнай актыўнасцю былога палітвязня Сяргея Кунцэвіча, які пару тыдняў таму выйшаў на волю. Кунцэвіч быў арыштаваны напярэдадні Дня Волі, яго машыну, з поўным багажнікам кактэйляў Молатава, паказвалі па дзяржаўным тэлебачанні. Хлопец праходзіў па «Справе Белага легіёна».

Кунцэвіч быў тым, хто змог з турмы паведаміць пра катаванні, якія супраць яго ўжываліся ў зняволенні. У хуткім часе ён апынуўся на волі.

Цяпер Кунцэвіч пераўтварыўся ў бязлітаснага крытыка свайго колішняга паплечніка і лідара Мікалая Статкевіча. Ён зняў відэа, якое называецца «Аб кульце асобы Мікалая Статкевіча». Мы не будзем яго перадрукоўваць тут, абмяжуемся некалькімі пунктамі з гэтай прамовы.

1. Не падтрымліваць акцыю Статкевіча на 3 Ліпеня, не прыходзіць на яе, бо Статкевіч хоча сутыкнуць людзей ілбамі 2. Лукашэнка не хоча дзяліцца ўладай з другім Лукашэнкам, гэта значыць са Статкевічам 3. Статкевіч навучыў Кунцэвіча хлусіць на камеру 4. Статкевіч піярыцца на затрыманнях сваіх актывістаў.

Кунцэвіч чытаў свой зварот з паперкі, ён быў загадзя напісаны. Некаторыя праз гэта меркавалі, што Кунцэвіч мог быць завербаваны. Таксама шмат крытыкі ад былога палітвязня дастаецца рэдактарцы сайта «Хартыя-97» Наталлі Радзінай.

Мы спыталі ў Мікалая Статкевіч, з чым звязаныя рознагалоссі паміж ім і былым (?) паплечнікам.

«Сяргей — для мяне герой. Сваім прызнаннем пра катаванні ён зрабіў вельмі шмат і для сябе, і для іншых людзей, што цяпер знаходзяцца за кратамі. Цяпер катаванні спыніліся. А сляды катаванняў на целе Сяргея былі зафіксаваныя праваабаронцамі

З Кунцэвічам у турме абыходзіліся не па-людску. Ён тры дні трымаў галадоўку, маючы хворыя ныркі. Па вызваленні з турмы арганізм яшчэ трое сутак мабілізаваны, а пасля расслабляецца.

Разумееце, псіхіка маладога непадрыхтаванага чалавека была пад ударам у зняволенні, ён атрымаў псіхалагічную траўму.

Я не зважаю на тыя словы, якія сёння гучаць з боку Сяргея. Наадварот, мяне вельмі хвалюе яго стан здароўя, шукаем надзейных прафесійных дактароў, якія могуць яму дапамагчы.

Гэта не вярбоўка, а менавіта стан здароўя. Тое, што ён зрабіў, які ўдар нанёс спецслужбам інфармацыяй пра катаванні, ніякая вярбоўка не можа кампенсаваць. Бо гэта быў пракол і правал КДБ», — мяркуе Мікалай Статкевіч.

Чытайце таксама:

Статкевіч: Майго паплечніка катавалі электрашокерам у КДБ, каб даведацца маё месцазнаходжанне перад 25 сакавіка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?