Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Падчас апеляцыі па справе Улада Казакевіча, які напаў з бензапілой на наведвальнікаў ГЦ «Еўропа», у Вярхоўным судзе адбыўся нечаканы паварот. Пацярпелая Ірына Баешка заявіла, што Улад Казакевіч псіхічна хворы і трэба прызначыць паўторную судова-псіхіятрычную экспертызу. Гэтыя словы шакавалі сваякоў загінулай Алены Александронец.

— Я падчас першага суда не змагла пісьменна выкласці думку, а цяпер параілася. Тое, што адбылося, — трагедыя, гэта боль, — стала расказваць Баешка. — Прашу прызначыць паўторную судова-псіхіятрычную экспертызу. Я і тады так думала, але не змагла дакладна сказаць.

Пасля гэтых слоў сваякі Александронец пераглянуліся. Мама загінулай расплакалася і сказала:

- Я не згодна. На час забойства ён быў разумным, а цяпер многае магло змяніцца…

Яшчэ да пачатку судовага паседжання бацька Улада Казакевіча размаўляў пра нешта з Баешка ў калідоры, яны разам зайшлі ў залу судовага паседжання і селі непадалёк адзін ад аднаго. З іншымі пацярпелымі жанчына трымалася на адлегласці, у перапынках не падыходзіла.

У сваім выступе Ірына Баешка паўтарыла думку адваката Казакевіча:

- Нармальны чалавек ніколі так не зробіць. Хай пройдуць гады, ён выйдзе з турмы. Хто за гэта будзе адказваць, калі нешта здарыцца? У зняволенні столькі супярэчнасцяў, нават я, маючы адукацыю фельчара (цяпер Баешка працуе прыбіральшчыцай у ГЦ «Новая Еўропа»), бачу іх. Ён абавязаны несці пакаранне, але ён хворы.

Ірына Баешка, якая сутыкнулася 8 кастрычніка з Уладам Казакевічам ў калідоры ГЦ «Еўропа», адзіная пацярпелая, якая не заяўляла ніякага маральнага пазову.

— Усё маё маральнае хай ляжа на яго плечы, - казала яна ў лютым падчас суда.

Толькі дзякуючы таму, што жанчына шмат гадоў займалася дзюдо, яна змагла ухіліцца ад хлопца з бензапілой. Удар быў датычным, Ірына не пацярпела.

Пракурор Алег Буйлянкоў і сям'я загінулай лічаць, што вынесены прысуд у 15 гадоў пазбаўлення волі - законны і справядлівы. Ён таксама пракаментаваў пазіцыю пацярпелай Баешка.

- Такім чынам яна аказвае ціск на суд, кажучы пра тое, што можа адбыцца праз 15 гадоў. Ці будзе наогул такая сітуацыя? Гэта носіць меркаваны характар. Пазіцыя пацярпелай не зусім правільная.

Выслухаўшы ўсе бакі, судовая калегія Вярхоўнага суда пакінула прысуд Уладу Казакевічу без зменаў. Прысуд уступіў у законную сілу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?