Усе шасцёра актывістаў «Маладога Фронту», якія фігуравалі ў распачатай па ч. 3 арт. 293 справе, атрымалі паведамленні з Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб спыненні крымінальнага пераследу з прычыны адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства. 

Інфармацыю адносна сябе праваабаронцам-вясноўцам пацвердзіў адзін з фігурантаў справы — Зміцер Крамянецкі. Ён, услед за паплечнікамі па МФ Змітром Дашкевічам, Сяргеем Пальчэўскім, Раманам Васільевым паведаміў пра атрыманне адпаведнай паперы з КДБ. Апавяшчэнне пра спыненне крымінальнай справы падпісаў падпалкоўнік А.В. Грыб.

Аналагічная інфармацыя пацвердзілася таксама адносна Уладзіміра Яроменка і Арцёма Леўчанкі, якія разам з паплечнікамі 1 красавіка выйшлі з СІЗА-1 пад падпіску аб нявыездзе.

Зыходзячы з паведамленняў пра тых, з каго таксама знятыя ўсе абвінавачанні — Мікалая і Яна Міхальковых, Сяргея Кулініча, можна меркаваць, што крымінальны пераслед спыняецца ў дачыненні толькі да тых фігурантаў справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў», якім не было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК «Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання».

Нагадаем, у СІЗА КДБ і СІЗА МУС пад вартай застаюцца 14 чалавек, затрыманых з прад’яўленнем абвінавачанняў у «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» на Дзень Волі 25 сакавіка ў Мінску. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0