13 чэрвеня суд Веткаўскага раёна працягнуў разгляд рэзананснай крымінальнай справы, абвінавачваныя па якой — былыя супрацоўнікі Следчага камітэта і міліцыі. Былы следчы, па версіі яго калег, займаўся вымагальніцтвам, «паставіў на лічыльнік» двух прадпрымальнікаў, біў абодвух па твары, зламаўшы аднаму костку над сківіцай. Такія дзеянні следства расцаніла як вымагальніцтва (частка 3 артыкулу 208 Крымінальнага кодэксу). Таварыш абвінавачванага, які на момант магчымага злачынства працаваў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Чыгуначнага РАУС Гомеля, абвінавачваецца ў бяздзеянні службовай асобы (частка 2 артыкула 425 КК). Яго вінавацяць у тым, што ён «стаяў побач» — бачыў, як следчы парушае закон і «выбівае грошы» з прадпрымальнікаў, але не прадухіліў і не спыніў такія дзеянні. «Бяздзеянне ў форме патурання», — удакладніў пракурор абвінавачанне.

Канфлікт адбыўся летась, 16 чэрвеня 2016 года. Суд цягнецца з позняй восені 2016 года. Былы следчы, які «падпісаўся» за прадпрымальнікаў, Аляксандр — пад вартай. Былы міліцыянер Сяргей не арыштаваны.

Разборкі гомельскіх у Ветцы

Усе ўдзельнікі канфлікту — гомельскія, але як разборкі адбыліся ў Ветцы, то суд адбываецца ў райцэнтры. Тут дробная фірма мела вытворчыя памяшканні. Іншае прыватнае прадпрыемства замовіла ў прадпрымальнікаў два транспарцёры. Замова не была выкананая ў час, тэрміны зацягваліся. Прыватнае прадпрыемства чакала транспарцёры. Урэшце адзін з прадстаўнікоў кампаніі прыцягнуў да справы супрацоўніка Следчага камітэта Аляксандра з мэтай прымусіць прадпрымальнікаў выканаць замову. У вытворчае памяшканне следчы прыязджаў два разы — 10 і 16 чэрвеня 2016 годуа. Па версіі следства і пацярпелых, 10 чэрвеня следчы пагражаў «жыццю і здароўю» прадпрымальнікаў, «паставіў іх на лічыльнік» — 100 даляраў за дзень. Разам з ім быў міліцыянер, які актыўных дзеянняў не выконваў, рукі не распускаў, а цяпер вінаваціцца ў бяздзеянні.

Прадстаўнік фірмы, што замаўляла транспарцёры, тлумачыў на судзе, што звярнуўся да супрацоўніка Следчага камітэта па дапамогу, бо «ён больш правільна ўмее размаўляць з людзьмі і можа паставіць на месца». «Ён мог бы зрабіць, каб хутчэй прасоўвалася праца, растлумачыць людзям, што трэба рабіць правільна», — казаў сведка на судзе.

Прадпрымальнікі абяцалі выканаць замову, але праз тыдзень, 16 чэрвеня, транспарцёры не былі зробленыя, і тады следчы накінуўся на пацярпелых з кулакамі, зламаў аднаму костку над сківіцай. «Ён нам пагражаў, крычаў, што калі не выканаем замову, то прыедзе брыгада, нас паломяць і закапаюць», — казалі на судзе прадпрымальнікі. Па іх словах, супрацоўнік СК кідаў на іх металічнае наждачнае палатно, ды прамахнуўся.

Яны спалохаліся і пайшлі пісаць заяву ў Восьмае упраўленне Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

На судзе 13 чэрвеня адзін з пацярпелых адзначыў, што і прадпрымальнікі, і міліцыянеры — «усе былі заадно, усе былі зацікаўленыя, каб забраць у нас транспарцёры і не заплаціць грошы, прыязджалі і іншыя міліцыянеры да нас, якія не пры справах».

Адзін са сведкаў — прадстаўнік кампаніі, што замаўляла транспарцёры, даў паказанні на судзе, што сапраўды следчы стукнуў прадпрымальніка, але не па твары, а па карку, і гэта не было збіццё, а была «павучальная аплявуха». Гэтым тэрмінам потым апраўдвала дзеянні свайго падабароннага і адвакат.

Ні следчы, ні міліцыянер вінаватымі сябе не прызналі.

Следчы: «Я наводзіў парадак. Так мне падказала маё сумленне»

Міліцыянер Сяргей кажа на судзе, што ў той дзень, 16 чэрвеня, ён дамовіўся з прыяцелем са Следчага камітэту папіць піва. Той абяцаў, але папрасіў перад гэтым разам з ім з'ездзіць у Ветку. Для чаго — следчы не ўдакладняў, а міліцыянер не цікавіўся. «Я ўнутр боксаў не заходзіў, стаяў непадалёку, чакаў яго. Чуў, што была гучная размова, нейкая спрэчка, але не ўмешваўся», — паціскаў плячыма былы міліцыянер.

На судзе сведкі і пацярпелыя далі паказанні, што ўсё-такі ён умешваўся, калі казаў у час канфлікту на прадпрымальнікаў: «Чаго вы стаіце? Ідзіце працуйце, што вам не зразумела яшчэ?». Адвакат былога оперупаўнаважанага палічыў такія словы не ціскам на прадпрымальнікаў, а наадварот — спробай улагодзіць канфлікт.

Былы следчы паказаў на судзе, што яго прыяцель, які працуе ў прыватнай фірме, папрасіў яго з'ездзіць разам у Ветку. Там, на вытворчай пляцоўцы, ён стаў сведкам канфлікту паміж двума суб'ектамі гаспадарання, адзін з якіх не выканаў абяцанні, зацягваў тэрміны. «І наступны раз, калі мы прыехалі ў Ветку, то пачулі адны абяцанкі — транспарцёры не былі зробленыя, а выканаўца ўводзіў у зман. Я абурыўся, і сказаў, каб Сяргей (пацярпелы — Рэд.) паводзіць сябе няправільна, і хай за гэта прысядае, дзесяць разоў… Я ездзіў туды, бо папрасіў сябар. Цяпер я разумею, што не варта было ўмешвацца. Я не казаў пра сто даляраў пратэрміноўкі. Паказанні пацярпелых лічу несапраўднымі. Магчыма, гэтая справа — следства варожасці паміж ГУБАЗіК і СК, якая існуе з-за павышэння паказчыкаў па службе», — выказаўся Аляксандр. Ён дадаў, што стукнуў прадпрымальніка — бо не стрымаўся, асабліва пасля таго, як той ужыў «… тваю маці!». «Мяне абурала, што людзі не працавалі, а толькі абяцалі. Я не павінен быў заставацца ўбаку. Я гэта зрабіў не дзеля грошай, а каб навесці парадак. Яны ж абяцалі, кляліся, здзекаваліся над заказчыкамі. Сумленне дало мне паўнамоцтвы навесці парадак», — патлумачыў абвінавачваны.

Пацярпелыя назвалі ў судзе былых праваахоўнікаў «сапраўднымі пярэваратнямі ў пагонах». «Уся гэтая кампанія прыязджала нас біць і выбіваць грошы…Мы былі ўпэўненыя, што нас заб'юць, яны нас моцна напалохалі», — казалі пацярпелыя.

Адвакаты: «Яны не вінаватыя!»

Адвакат былога следчага падвергла сумневам як паказанні пацярпелых, так і заключэнне экспертаў. «На судзе адзначылі, што няма прычын для нагавораў, але хто даследаваў, што сапраўды няма такіх прычынаў? Заключэнне эксперта складзенае з парушэннем правілаў. Паказанні пацярпелых, сведак з іх боку суд прымае да ўвагі, а абвінавачаных — не. Хоць сведкі, напрыклад, рабочыя — падначаленыя пацярпелых, а іх жонкі — таксама зацікаўленыя асобы. Так, мой падабаронны стукнуў пацярпелага, але той парушыў абяцанні, якія даваў, і пацярпелы не меў рацыі, вось мой падабаронны і не вытрымаў, і гэта сапраўды была, як тут казалі, павучальная аплявуха», — патлумачыла адвакат, і прасіла апраўдаць былога следчага, бо абвінавачанне не знайшло свайго пацвярджэння ў судзе.

Такой жа пазіцыі прытрымліваўся і адвакат былога міліцыянера. «Каб зразумець аб'ектыўнае ўспрыняцце сітуацыі маім падабаронным, трэба змадэляваць сітуацыю… Мой падабаронны першы раз быў на вытворчай пляцоўцы ў Ветцы, ён чуў размову пра нейкія не выкананыя абавязацельствы, пра пеню, пра пратэрміноўку… А тое, што ён сказаў пацярпелым «Чаго стаіце, ідзіце і працуйце» — гэта ён сказаў, каб спыніць канфлікт, бо чуў, што градус размовы падвышаецца, што Аляксандр нервуецца. Сказаў гэта, каб спрэчка не перарасла ў нешта большае. Ён зрабіў усё, каб прадухіліць правапарушэнне. І маё меркаванне, што мой падабаронны тут толькі для таго, каб узмацніць рэзананс», — лічыць адвакат.

Ён дадаў, што хоць справу і расследаваў Цэнтральны апарат СК, але «горшай справы я яшчэ не бачыў за апошнія гады, сапраўды, не высветлілі элементарныя пытанні, не выключылі супрацьлегласці… гэта не проста недапрацоўка, а сістэмная памылка».

Былому следчаму прадставілі магчымасць апошняга слова. «Я прысутнічаў на судзе… Я не думаю, што я сапраўды вінаваты… Няма словаў. Няма словаў. Дзякуй за працу ўсім, вялікі дзякуй», — Аляксандр быў лаканічны і збянтэжаны.

«Прашу пакараць пазбаўленнем волі, 8 гадоў з канфіскацыяй»

Прадстаўнік пракуратуры Веткаўскага раёна выказаўся, што абвінавачанне знайшло сваё пацверджанне ў судзе — як у дачыненні да былога следчага, так і міліцыянера. Намеснік пракурора раёна заўважыў, што абодва сваімі дзеяннямі дыскрэдытавалі праваахоўныя органы, парушылі прысягу, аказалі негатыўны ўплыў на фармаванне пазітыўнага іміджу органаў. Раней яны не былі судзімыя, маюць станоўчыя характарыстыкі, адзін — малалетняе дзіця — гэта плюс, і змякчае віну, але цяжкае злачынства (вымагальніцтва), і дыскрэдытацыя органаў — мінус, і робіць віну больш цяжкай.

Такім чынам пракуратура прасіла суд пакараць былога следчага пазбаўленнем волі тэрмінам на восем гадоў, канфіскаваць маёмасць, пазбавіць яго звання «маёр юстыцыі». Былога міліцыянера абвінавачанне папрасіла пакараць штрафам у памеры 400 базавых, і забараніць яму тэрмінам на пяць гадоў займаць пасады, звязаныя з функцыямі прадстаўніка ўлады.

Прысуд мяркуецца абвясціць 26 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?