Еўрапейская камісія ў аўторак, 13 чэрвеня, вырашыла пачаць штрафную працэдуру ў дачыненні да Венгрыі, Польшчы і Чэхіі, якія адмаўляюцца прымаць бежанцаў, якія прыбылі ў Італію і Грэцыю, і тым самым не выконваюць правіла пераразмеркавання, зацверджанае Бруселем у 2015 годзе, піша DW.

«На жаль, нягледзячы на неаднаразовыя заклікі, Чэшская Рэспубліка, Венгрыя і Польшча ў парушэнне сваіх юрыдычных абавязацельстваў, а таксама абавязацельстваў перад Грэцыяй, Італіяй і іншымі краінамі ЕС да гэтага часу не распачалі неабходныя крокі», — гаворыцца ў заяве Еўракамісіі.

Удзел у пераразмеркаванні бежанцаў не з'яўляецца добраахвотным, падкрэсліў камісар ЕС па ўнутраных справах і пытаннях міграцыі Дзімітрыс Аўрамопулас. «Прыйшоў час дзейнічаць», — заявіў Аўрамопулас на пасяджэнні ў Страсбургу 13 чэрвеня. Ён выказаў надзею на тое, што краіны, якія адмаўляюцца прымаць бежанцаў, будуць кіравацца «не толькі розумам, але і еўрапейскім духам» і праявяць «салідарнасць на практыцы».

Еўракамісія накіруе ўрадам усіх трох краін афіцыйныя просьбы растлумачыць прычыну невыканання імі дамоўленасцяў па пераразмеркавання бежанцаў. Калі Брусель палічыць адказы Прагі, Будапешта, Варшавы нездавальняючымі і прыйдзе да высновы, што Венгрыя, Польшча і Чэхія не выконваюць абавязацельствы ў рамках заканадаўства ЕС, ім дадуць тэрмін — як правіла, два месяцы — на працягу якога яны абавязаны выканаць патрабаванні. Калі і пасля гэтага не будуць прынятыя неабходныя меры, Еўракамісія звернецца з пазовам у суд ЕС, які мае права абавязаць парушальнікаў выканаць патрабаванні Бруселя і, акрамя таго, падвергнуць гэтыя дзяржавы грашовым штрафам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?