Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін узяў удзел у пахаванні свайго цесця Івана Сабалеўскага. Яно адбылося 17 жніўня ў Дзяржынску (Мінская вобласць).

Як расказала БелаПАН дачка А. Казуліна Юлія, Іван Сабалеўскі памёр ва ўзросце 77 гадоў. "Ён не хварэў. Мы заўсёды называлі яго "жыўчыкам", і яго смерць стала для нас поўнай нечаканасцю", — сказала Ю. Казуліна.

Паводле яе слоў, родныя Івана Сабалеўскага вырашылі не анатамаваць нябожчыка, таму дакладная прычына смерці не вядома. Дачка І. Сабалеўскага, жонка Аляксандра Казуліна — Ірына — памерла на 49-м годзе жыцця 23 лютага 2008 года.

Нагадаем, 16 жніўня А. Казуліна вызвалілі з калоніі "Віцьба-3". Паводле слоў дачкі палітыка Вольгі, падставай для вызвалення стала смерць цесця. Пасля вызвалення стала вядома, што яшчэ 15 жніўня прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні Аляксандра Казуліна.

Чакаецца, што 20 жніўня з удзелам А. Казуліна адбудзецца прэс-канферэнцыя для журналістаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?