15.06.2017 / 10:33

Былы начальнік збеглага ў Швецыю маёра КДБ: Моўчан — лайдак і хлус 25

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палкоўнік КДБ Пятро Атрошчанка ў размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» пракаментаваў гісторыю былога супрацоўніка беларускага КДБ Андрэя Моўчана.

Чытайце таксама: «Хачу аддаць унукаў у беларускамоўную школу»: дэпутат з КДБ склаў топ-6 пагроз нацыянальнай бяспецы

Пятро Атрошчанка Фота: pravo.by

Моўчан уцёк у Швецыю, а цяпер сцвярджае, што мае дакументы, якія сведчаць пра кантрабанду нафтапрадуктаў з Беларусі. 

Чытайце таксама: Былы супрацоўнік КДБ уцёк у Швецыю і сцвярджае, што мае дакументы пра кантрабанду нафтапрадуктаў праз Беларусь

Як выявілася, Моўчан быў падначаленым Атрошчанкі ў 2008 годзе.

«Чым быў адметны 2008 год? У Віцебску здарылася «Стэла» — выбух. І я ўжо а чацвёртай раніцы быў там, бо праз некалькі дзён меўся пачацца «Славянскі базар», — узгадвае Атрошчанка. — 

Разам з гэтым мы атрымалі вельмі сур'ёзную інфармацыю — не датычна тэмы «растваральнікаў», пра якія кажа Моўчан. Раніцай і ўвечары ў мяне праводзіліся нарады, працавалі па 24 гадзіны. Ужо тады былі падазрэнні, што будучыя тэрарысты — Канавалаў і Кавалёў — акажуцца з віцебскімі каранямі. Таму да віцебскага рэгіёна было асаблівае стаўленне.

Паралельна з гэтым мы атрымалі інфармацыю, пра якую ў СМІ расказвае Моўчан. Я быў намеснікам начальніка ўпраўлення, курыраваў пытанні эканамічнай бяспекі і карупцыі. Моўчан служыў у аддзеле эканамічнай бяспекі — гэта не контразведка, даруйце, гэта эканоміка. Пра якую адмову ад удзела ў палітычных рэпрэсіях ён кажа? Дык вось, я яго так магу апісаць — лайдак з вялікай літары. Я гэта падкрэсліваў ужо тады, відаць, тым самым яму і запомніўся. Таму што трэба было працаваць, а не лынды біць — ягоную работу даводзілася іншым супрацоўнікам рабіць. А што да канкрэтнай сітуацыі, пра якую ён кажа — дык не было нічога падобнага, гэта хлусня, ніякай кантрабанды не было. Чаму ён пра гэта толькі цяпер пачаў казаць, хаця ажно ў 2010 годзе яго звольнілі, а ў Швецыю падаўся ў 2012 годзе? Відаць, спрабуе зачапіцца там цяпер, бо ў прытулку адмовілі.

Што ён там расследаваў? Ён не следчы, каб расследаваць, гэта раз. Ён атрымліваў інфармацыю пра факты карупцыі, пра факты, якія пагражаюць эканамічнай бяспецы. І яму працаваць не давалі? Гэта называецца «рэалізацыя інфармацыі». Даруйце, у мяне былі людзі, якія за «рэалізацыю» ўзнагароды ад прэзідэнта атрымлівалі. Прызвычыўся нічога не рабіць, а цяпер расказвае».

Андрэй Моўчан, фота Белсат

Як вынікае з вайсковага білета Моўчана, ён працаваў у КДБ ад 2000 да 2010 года і даслужыўся да звання маёра. У 2012 ён папрасіў палітычны прытулак у Швецыі, але яму адмовілі, бо не пабачылі доказаў палітычнага пераследу. Моўчан сцвярджаў, што звольніўся, бо не хацеў удзельнічаць у палітычных рэпрэсіях. Яго нібыта пераследавалі і збівалі пасля звальнення з КДБ.

З дакументаў Моўчана вынікае, што беларускія кампаніі экспартавалі нафтапрадукты пад выглядам распушчальнікаў, каб не пералічваць мыты Расіі. Публікацыі пра існаванне такіх схем з'яўляліся ў расійскіх і беларускіх СМІ ў 2010—2012 гадах. Расследаванне гэтага пытання прывяло да нафтавага канфлікту Масквы і Мінска ў 2012-м. 

Моўчан сцвярджае, што не апублікаваў дакументаў раней, бо баяўся.

Арцём Гарбацэвіч

4
LMI / Адказаць
15.06.2017 / 10:50
Хто б сумняваўся. Думаю праз нейкі час скажуць, што і вар'ятам быў.
Але самае сьешнае. што па вялікаму рахунку нашаму грамадству усе гэтыя расповяды пра карупцыю на вышэйшым узроўні да дупы. Мы, можа і меньш за русакоў, але ж таксама вельмі кахаем сваіх цароў і яго сьвіту. і яны для нас сьвятыя і іх кранаць не прынята
1
kruz / Адказаць
15.06.2017 / 11:08
ахахахахаа...а сам такой честный и трудяга.Хех
3
грязный гарри / Адказаць
15.06.2017 / 11:13
А как по мне,так лжец и трус это любой "депутат" сегодняшнего так называемого парламента...
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру