Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан заявіў, што ЗША не хочуць звязваць працэсы ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне выключна рамкамі Мінскіх пагадненняў, паведамляе ТАСС.

Выступаючы на слуханнях у камітэце па замежных справах палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, ён дапусціў магчымасць дасягнуць вырашэння канфлікту пры непасрэдным удзеле Масквы і Кіева, але на аснове дамоўленасцей, альтэрнатыўных тым, якія былі зафіксаваныя ў Мінску.

«Вельмі магчыма, што урад Украіны і ўрад Расіі могуць прыйсці да здавальняючага ўрэгулявання з дапамогай нейкай структуры, адрознай ад «Мінска», але якая дасягае мэтаў, закладзеных у «Мінску», якім мы адданыя, — сказаў шэф амерыканскай дыпламатыі. — Таму мая перасцярога заключаецца ў тым, што я б не хацеў, каб мы (ЗША) прыкоўвалі сябе да «Мінска», калі выявіцца, што бакі вырашаць урэгуляваць праблему з дапамогай іншага пагаднення».

Пры гэтым Тылерсан падкрэсліў, што амерыканская адміністрацыя не збіраецца змякчаць аднабаковыя санкцыі ў дачыненні да Расіі да дасягнення мэтаў, закладзеных у мінскіх дамоўленасцях.

«Наш намер у гэтым не заключаецца. І мы гэтага не зробім. Я зноў кажу пра мэты «Мінска», — сказаў кіраўнік Дзярждэпа, адказваючы на выказаную адным з заканадаўцаў асцярогу з нагоды таго, што прэзідэнт Дональд Трамп змякчыць антырасійскія санкцыі да пераадолення крызісу ва Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?