Эдвард Вайніловіч. Фота wikimedia.org

Адзначыліся камуністы-калякінцы.

«Мінская гарадская арганізацыя Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» лічыць неабходным заявіць, што лічыць немагчымым унясенне ў тапаніміку беларускай сталіцы імя Вайніловіча. Гэта звязана, перадусім, з яго рэзка негатыўным стаўленнем да ідэі беларускай дзяржаўнасці, з яго грэбаваннем беларускай нацыянальнай культурай, імкненнем пазбавіць беларускі народ яго суверэннага права жыць самастойна — паза польскай дзяржавы і польскай нацыі. З уласных успамінаў Вайніловіча вядома, што ён лічыў неабходным узнаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, для чаго, у тым ліку, падчас Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў супрацоўнічаў з нямецкімі і польскімі акупантамі, што быў прыхільнікам «паланізацыі» Беларусі і называў яе не інакш як «літоўска-беларускія Крэсы», — пішацца ў партыйным звароце ў гарвыканкам.

Выглядае, што зварот быў не адзін, паколькі ў адказе Мінгарвыканкама гаворка ідзе пра «звароты», а не адзін ліст.

«Прапановы Мінскага гарадскога камітэта Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» пра недапушчальнасць увекавечвання ў тапаніміцы Мінска імя Вайніловіча і надання наймення «Юнацтва» [менавіта такую прапанову высунула партыя левых — НН] скверу каля Чырвонага касцёла накіраваны ў камісію і будуць прынятыя да ўвагі», — гаворыцца ў адказе.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец б’е трывогу. Паводле яго звестак, няма пэўнасці ў тым, якім будзе канчатковае рашэнне.

«Вернікі Чырвонага касцёла даўно прасілі пра такое перайменаванне. І Мінгарвыканкам быў у курсе. Пасля сёлетняй публікацыі ў «Советской Белоруссіі» ў студзені працэс, здаецца, пайшоў. Але камуністы, якія заселі ў Мінгарвыканкаме — доўгі час па ідэалагічнай лініі працавалі то Чыкін, то Карпенка — панапісвалі звароты. Там іх дзясяткі. Маўляў, нельга пераймяноўваць, Вайніловіч — польскі дзеяч, які да Беларусі не мае ніякага дачынення, нягледзячы на тое, што Чырвоны касцёл стаіць пасярод плошчы, — тлумачыць Севярынец. —

У выніку там сітуацыя 50/50. Да канца наступнага тыдня камісія па тапаніміцы павінна прыняць рашэнне адносна перайменавання. І мы заклікаем усіх уключацца і дасылаць на адрас Мінгарвыканкама звароты, каб перайменаваць сквер у гонар Вайніловіча».

Павел падрыхтаваў шаблон зварота:

«У Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт
220030, пр. Незалежнасці, 8
Грамадзяніна (грамадзянкі)
Які (якая) пражывае па адрасе

Заява

Прашу Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт надаць скверу ў межах комплексу будынкаў касцёла святых Сымона і Алены, дамоў №17 і 19 па вул. Савецкай і №4 па вул. Свярдлова імя выбітнага беларускага дзеяча, фундатара касцёла святых Сымона і Алены Эдварда Вайніловіча.

Эдвард Вайніловіч — чалавек, які ў цяжкія часы напрыканцы ХІХ — напачатку ХХ стагоддзя зрабіў вельмі шмат для дабрабыту і духоўнага развіцця жыхароў Мінска і агулам усіх беларусаў. Гістарычная справядлівасць патрабуе, каб імя Эдварда Вайніловіча было ўшанавана ў Мінску.

Дата
Подпіс»

* * *

Эдвард Антоні Леанард Вайніловіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1847 года ў маёнтку Сляпянка пад Мінскам. Бацька яго паходзіў са знакамітага ў той час роду Вайніловічаў, а маці — з роду Ваньковічаў. Мелі Вайніловічы і кроўныя сувязі з Адынцамі ды Манюшкамі. Вайніловічам належалі вялікія зямельныя ўладанні ў Наваградскім ваяводстве, галоўным маёнткам былі Савічы ў Слуцкім павеце. Эдвард з медалём скончыў Слуцкую гімназію, пасля паступіў у Пецярбургскі імператарскі тэхналагічны інстытут, потым стаў слухачом Сельскагаспадарчай акадэміі ў Прушкаве (Польшча). Пасля смерці бацькі юнак вярнуўся ў Савічы і вёў гаспадарку.

У 1888 годзе быў абраны віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Тройчы абіраўся ў расійскую Дзяржаўную Думу. А з 1906 года стаў членам Дзяржаўнага савета Расіі ад Мінскай губерні. Сталыпін прапаноўваў яму пасаду віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі. Аднак Эдвард адмовіўся.

За час працы быў узнагароджаны пяццю ордэнамі і адным медалём. Сімпатызаваў беларускаму руху: падтрымліваў утварэнне БНР, у доме Вайніловіча праходзіў вядомы Беларускі з’езд Случчыны, які ініцыяваў Слуцкае паўстанне.

Памёр Эдвард Вайніловіч у 1928 годзе ў Польшчы.

Эдвард Вайніловіч. Бацька Сымона і Алены

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?