Супербой, пра які гаварылася ўжо даўно, урэшце адбудзецца 26 жніўня — найлепшы баксёр сучаснасці Флойд Мэйуэзер сустрэнецца (12 раўндаў па правілах боксу) з байцом змяшаных адзінаборстваў Конарам МакГрэгарам.

Што Конар, што Флойд — страшна медыйныя асобы з процьмай фанатаў. Да таго ж з адной вагавай катэгорыі. 

Таму чуткі пра імаверны бой паміж імі былі даўно, але мала хто верыў у рэальнасць падзеі, пакуль Мэйуэзер не пацвердзіў яе ў сваім інстаграме.

Што трэба ведаць пра байцоў, каб разумець, што гэты бой адметны? 

Флойд — унікум, які правёў 49 баёў і не прайграў ні разу (хаця спрэчныя баі і былі, напрыклад, з Оскарам Дэ Ла Хоя). Ён лічыцца найлепшым баксёрам за ўсе часы незалежна ад вагавай катэгорыі, валодае фенаменальнай тэхнікай, бездакорна абараняецца. 

Праўда, Мэйуэзер ужо скончыў кар'еру — свой апошні бой ён правёў у 2015 годзе. Цяпер баксёр эпатуе сваіх падпісантаў у інстаграме, выкладваючы розныя люксавыя фота (ёсць з чаго — за свой перадапошні бой з Мэні Пак'яа ён зарабіў агулам каля $150 мільёнаў). 

Чытайце таксама: Рабаванне стагоддзя: Мэйуэзер vs Пак'яа

Супернік баксёра — ірландзец Конар МакГрэгар, баец змяшаных адзінаборстваў, які валодае двума паясамі UFC. 

МакГрэгар адносна нядаўна стаў зоркай змяшаных адзінаборстваў, паводле рэйтынгу UFC ён займае другое месяца сярод байцоў незалежна ад вагавай катэгорыі. 

Яго статыстыка ў актагоне — 21 перамога, 3 паразы. 

Але тут варта дадаць, што сваю вядомасць МакГрэрар атрымаў у большай ступені дзякуючы эпатажным паводзінам, чым выбітным поспехам.

Таму некаторыя эксперты і называюць гэты бой «днём смерці бокса» і перамогі грошай над здаровым сэнсам. 

Што зможа паказаць чалавек, які не мае баксёрскага разраду, у супрацьстаянні з найлепшым баксёрам сучаснасці? Бой будзе праводзіцца па правілах боксу, дзе Конар не здолее дзейнічаць нагамі ці бароцца.

Колішняя зорка боксу Оскар Дэ Ла Хоя назваў гэты бой «цыркам» і сказаў, што пасля такой падзеі бокс ужо не зможа аднавіцца. 

Пакуль не вядома дакладна, колькі грошай атрымаюць кожны з байцоў за гэты бой, але папярэдне — $75 мільёнаў МакГрэрару, болей за $100 мільёнаў Мэйуэзеру. Байцы пачалі падрыхтоўку і пакуль у кампліментарным стылі выказваюцца адзін пра аднаго. 

Букмекерскія канторы лічаць найбольш імавернай перамогу Мэйуэзера накаўтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?