Адзін з кіроўцаў таксі «Алмаз» падзяліўся з «Нашай Нівай» падрабязнасцямі працы на кампанію нядаўна затрыманага Віктара Пузікава.

Па словах Аляксея (імя змененае), служба таксі ўяўляе сабой некалькі кампаній. Сам Пузікаў лічыцца заснавальнікам «Алмаза». Яго жонка Алена — дырэктар (чаму яе і затрымлівалі разам з мужам). «Алмаз 7788» — гэта дыспетчарская служба, якая звязвае кліента з кіроўцам.

Кіроўца, які супрацоўнічае з дыспетчарскай службай, мае некалькі варыянтаў: зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік і ездзіць на сваёй машыне, працаваць у нейкай транспартнай кампаніі, якая мае дамову з «Алмазам», альбо браць машыну ў арэнду ў службы таксі.

Машыны, якія фактычна належаць «Алмазу», на паперы зарэгістраваныя на шэраг юрыдычных асобаў. Аляксей сцвярджае, што такіх юрасобаў шмат: ТАА «Аўтаззянне», ТАА «НайсФактум», ТАА «Авалон-Мотарс» і іншыя.

«Гэта робіцца, каб у выпадку праблемаў у адной з фірмаў, большасць машынаў працягвала ездзіць», — тлумачыць Аляксей.

Канстанцін Каралёў (яго затрымлівалі разам з Пузікавым, але пасля адпусцілі) з’яўляецца дырэктарам «Авалон-Мотарс». На яго і працуе наш суразмоўца.

Па словах Аляксея, Каралёў — фактычна намеснік Пузікава.

Прычым пасля затрымання Пузікава якраз і пачаліся праблемы з аўтапаркам — на 93 машыны «Джылі», якія фактычна належылі «Алмазу,» быў накладзены арышт. Але, сцвярджае такіст, нічога пакуль не змянілася.

«Арыштаваныя машыны працягваюць ездзіць. Людзі на іх працуюць. Але кіроўцаў папярэдзілі, што калі спыняць, то машыну могуць забраць на штрафстаянку. Таму усе грошы трэба трымаць у кішэнях. Кіроўцы прыбралі ўсе асабістыя рэчы, каб машыны былі пустыя, і працуюць, — запэўнівае Аляксей. — Ды і ў выпадку, калі машыну забяруць, кіроўцу знойдуць новую. Аўтамабіляў хапае».

Агулам за месяц, кажа таксіст, кіроўца можа атрымаць прыкладна 4 тысячы рублёў выручкі — хтосьці больш, хтосьці менш. Канечне, каб нармальна зарабіць, трэба працаваць і па 16—18 гадзін, і без выходных. Увогуле, сума ў 100—120 рублёў — гэта стандартны заробак за працоўны дзень.

З сумы, якую атрымаў кіроўца, частку ён аддае кампаніі, якой належыць машына, плюс плаціць за паслугі дыспетчара.

«Я плачу каля 1700 рублёў штомесяц: 50 рублёў штодня. У гэтую суму ўваходзіць 215 заказаў ад дыспетчара. Кожны наступны я аплочваю зверху — 1,20 рубля за замову.

З гэтых 50 рублёў я плачу 30 за арэнду машыны, а 20 — фактычна за права на ёй працаваць. Але арэнднае аўто выгадней, чым сваё. Па-першае, не трэба замарочвацца з абслугоўваннем, гэтым займаецца кампанія. Па-другое, пару скаргаў — і ты вылеціш з працы. У такіх умовах няма сэнсу браць нармальнае аўто ў лізінг ці крэдыт, — кажа Аляксей. —

Калі я працаваў як іпэшнік, то выдаткі былі прыкладна такімі ж, можа, на 100 рублёў больш праз адлічэнні ў фонд сацыяльнай аховы. Ну і плюс абслугоўванне машыны.

Паводле афіцыйнай дамовы з перавозчыкам, я плачу яму за карыстанне аўто не 50 рублёў за суткі, а 5 рублёў. Плюс ёсць дамова, згодна з якой я афіцыйна зарабляю 5% ад сумы заробку па таксометры.

Але сума па таксометры начальствам абмежаваная 400 рублямі. Калі прабіў больш — штраф, 30% ад сумы, якая зверху тых 400 рублёў, забярэ перавозчык. Канечне, усё гэта неафіцыйна».

Суразмоўца ўпэўнены — з транспартнай міліцыяй у «Алмаза» існуюць свае зносіны.

«Калі ловяць транспартнікі і ёсць сур’ёзная праблема — тэлефануеш Канстанціну, ён вырашае. З даішнікамі праблемы вырашаеш сам. Але на машыны «Алмаза» транспартнікі фактычна не рэагуюць. Калі я быў ІП, мяне часам штрафавалі ледзь не на выездзе з дома. А на алмазаўскай «Джылі» мяне за тры гады спынілі толькі аднойчы», — кажа Аляксей.

Але стаўленне да кіроўцаў, па словах Аляксей, у «Алмазе» не надта прыязнае.

«Калі ёсць нейкая праблема — скарга, напрыклад, — кіроўцу выклікаюць у «Алмаз». Першы раз — штраф, так званая «матывацыя». Матывацыя — 20 рублёў. На другі раз яшчэ могуць ізноў абысціся «матывацыяй», але калі скардзяцца ў трэці раз, то з такім кіроўцам разрываюць кантракт, — расказвае таксіст. —

На офісе кіроўцаў не лічаць за людзей. Я сам аднойчы хацеў сустрэцца з Пузікавым — было грашовае пытанне — некалькі месяцаў сустрэчу проста кожны раз пераносілі.

Калі ты не прывозіш грошы ў офіс у патрэбны час — цябе заблакуюць. То бок ніякіх заказаў ад дыспетчара. А арэнда ўсё роўна капае. Капае яна і калі ты хварэеш, і калі едзеш, умоўна кажучы, на пахаванне сваякоў.

Увогуле кіраўніцтва ставіць таксістаў у такія ўмовы, у якіх ён павінен падманваць. Не біць квіткі, напрыклад. А не даў квіток, кліент пазваніў, паскардзіўся — дык ты яшчэ і заплаціў фірме «матывацыю».

Усё на словах, у загадах нічога не прапісваецца. Іпэшнікі падпісваюць пустыя бланкі актаў выкананых работ. І стаўленне ў кампаніі простае: не падабаецца — ідзі адсюль. Усё ў ультыматыўнай форме».

Аляксей кажа, што ўсе «касякі» такой працы добра бачныя. Было б жаданне іх убачыць:

«Кіроўца за змену праязджае 200—300 кіламетраў. Пры гэтым у касе прабіта толькі некалькі квіткоў, то бок на паліва сыходзіць больш, чым афіцыйна зарабляецца. І так працуюць тысячы кіроўцаў. Няўжо ў падатковай — ці дзе там? — проста нічога не бачаць?»

Акрамя таго, машыны таксі павінны абсталёўвацца сістэмай кантролю касавага абсталявання (СККА). Гэтая сістэма перадае ўсю інфармацыю аб аперацыях з касавым апаратам у рэальным часе. Аднак, сцвярджае Аляксей, СККА на алмазаўскіх машынах маюць спецыяльную кнопачку — для адключэння сістэмы.

«Кнопку ўсталёўваў перавозчык, — сцвярджае суразмоўца. — Ва ўсіх машынах».

Пасля затрымання Пузікава, па словах Аляксея, кіроўцам далі ўказанне працаваць строга па графіку, не больш за 12 гадзін у змену, біць кожны квіток, бо ведаюць, што за намі пільна сочаць. «Матывацыі» таксама пакуль адмянілі.

Пакуль што Аляксей працягвае працу на «Алмаз», але паціху шукае іншую.

«Па сваёй спецыяльнасці ўладкавацца не магу — працы проста няма. А ў таксі, у прынцыпе, можна зарабіць», — кажа ён.

Па словах мужчыны, ён вырашыў пагутарыць, бо «службы таксі падманваюць і людзей, і дзяржаву».

«Я ж плачу грошы, але яны не ідуць у бюджэт, а асядаюць у гэтай праслойцы паміж людзьмі і дзяржавай. Мне ўсё роўна, хто там пры ўладзе — «рэжым» у нас ці «не рэжым», — але падаткі павінны плаціць усе», — кажа ён.

Аляксей сцвярджае: прыкладна па такой схеме працуюць усе службы таксі, таму мяняць «Алмаз» на іншую асаблівага сэнсу няма. А ў «Убер» ён ісці прынцыпова не хоча: «Па-першае, там падманваюць кіроўцаў, не даплочваюць ім. А па-другое, гэта замежная кампанія, я такое не падтрымліваю і не люблю».

Канстанцін Каралёў, дырэктар «Авалон-Мотарс», каментаваць аповед кіроўцы адмовіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?