Выбух на тэрыторыі дзіцячага садка ў кітайскай правінцыі Цзянсу, ахвярамі якога сталі восем чалавек, учыніў 22-гадовы мясцовы жыхар, паведамляе паліцыя.

Сам арганізатар, якога паліцыя называе Сюй, загінуў на месцы. У яго кватэры былі знойдзеныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для вырабу выбуховай прылады, а сцены былі спісаныя словамі «смерць», піша ВВС.

Паводле даных паліцыі, у Сюй былі сур'ёзныя праблемы са здароўем, з-за якіх ён у свой час быў вымушаны пакінуць вучобу ў школе. Аднак на момант здзяйснення нападу ён быў працаўладкаваны.

Выбух прагрымеў у чацвер каля брамы дзіцячага садка ў раёне Фэнсянам (ва ўсходняй правінцыі Цзянсу) якраз у той момант, калі бацькі забіралі дзяцей дадому.

Паводле апошніх даных, у выніку выбуху загінулі восем чалавек, яшчэ 65 атрымалі раненні, стан васьмі з іх ацэньваецца як вельмі цяжкі. Першапачаткова кітайскія СМІ паведамлялі, што гэта мог быць выбух газу, аднак гэтая версія не знайшла пацверджання.

Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што сярод пацярпелых няма ні дзяцей, ні выхавальнікаў. Аднак адразу пасля выбуху ў сацыяльных сетках пачалі з'яўляцца фотаздымкі, якія, як сцвярджаюць карыстальнікі, былі зробленыя на месцы здарэння. На некаторых апублікаваных у сацсетках відэа і фотаздымках відаць, што на траве ляжаць параненыя, у тым ліку дзеці і жанчыны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?