Нізкая праўная культура працаўнікоў польскіх консульстваў у Беларусі спалучаецца з камандзірскім і халодным аж да жорсткасьці стаўленьнем да людзей. Піша Пётра Рудкоўскі.

Быў у польскім консульстве.

Агулам рэч беручы, візіт у еўрапейскія кансулаты рэдка бывае прыемным досведам, аднак жа мой апошні візіт у польскі кансулат у Горадні мяне асаблівым чынам узбагаціў.

Стаю ў чарзе, каб здаць дакументы. Польскі ахоўнік, які праходзіў нейк міма, кажа ў мой адрас:

«А з тым плецакем то пан не вэйдзе».
Ну так, быў са мной невялічкі заплечнік, у якім ляжалі шкарпэткі, шорты, свэтар і маліцвеннік. «То цо мам з нім робіць?» — пытаюся. — «На двожэц, до пшэховальні. Тылько прошэ на тэрэне консуляту не зоставяць» — чую адказ. Ага, значыцца, я цяпер павінен выйсці з чаргі, перціся на вакзал і там здаць заплечнік у камеру захоўвання. Пазней вярнуцца і спрабаваць даказаць людзям, што я стаяў у чарзе, што мне трэба было адлучыцца і прасіць або патрабаваць: пусціце мяне ўперад. Альбо ізноў стаць у канец. «Ні на які вакзал я не пайду» — сказаў я, праўда, не ахоўніку, бо ён ужо аддаліўся, а самому сабе і людзям, што стаялі побач.

Маленькі мой заплечнік стаў для мяне справай прынцыпу. Я не маю нічога супраць патрабавання, каб прыходзіць у кансулат без торбаў і заплечнікаў, але пры ўмове, што з гэтым патрабаваннем — як і іншымі правіламі — людзі маюць магчымасць пазнаёміцца загадзя. Усялякія рэгламенты, у тым ліку і рэгламент прабывання ў кансулаце, — гэта свайго роду мясцовае заканадаўства, якое павінна спаўняць пэўныя ўмовы, каб мець заканадаўчы характар. Адной з такіх умоваў з’яўляецца іх публічнасць: УСЕ ПАТЭНЦЫЙНА ЗАЦІКАЎЛЕНЫЯ АСОБЫ ПАВІННЫ МЕЦЬ МАГЧЫМАСЦЬ АЗНАЁМІЦЦА З РЭГЛАМЕНТАМ ПЕРАД ТЫМ, ЯК ЯНЫ З’ЯВЯЦЦА НА ТЭРЫТОРЫІ КАНСУЛАТУ.

У ХХІ стагоддзі асноўным такім месцам упублічнення рэгламенту з’яляецца інтэрнэт. Вось жа перад паездкай у кансулат я ўважліва прачытаў усю інфармацыю, якая тычыцца візавых справаў і функцыянавання кансулату. Пра забарону прыходзіць з міні‑заплечнікамі ў кансулат нідзе там гаворкі не было. Пра гэтую забарону чалавек даведваецца толькі пасля таго, як увойдзе на падворак кансулату (куды, дарэчы, проста так не ўвойдзеш), дэ‑факта тады, калі, стоячы ў чарзе, набліжаецца да прапускных дзвярэй.

Няма сумневу, што праз гэтыя заплечнікі й торбы былі папсаваны нервы шмат каму, а не толькі мне. Вось, перада мной у чарзе стаяў адзін хлапчук, у яго заплечнічак быў зусім маленькі, а пры гэтым пусты. Ахоўнік яго адправіў: дзявай гэта куды хочаш, але сюды з заплечнікам не ўвойдзеш.

І тут мая кроў канчаткова закіпела. Хоць я ведаў, што дамагчыся пропуску з заплечнікам нерэальна, мне ўсё ж вельмі цікава было, як яны будуць рэагаваць на мае заўвагі, што яны парушаюць правы чалавека, не даючы людзям магчымасці загадзя азнаёміцца з рэгламентам прабывання ў кансулаце і ствараючы для сотняў людзей прыніжальную і стрэсагенную сітуацыю. І што ж, мая цікавасць была задаволена някепска.

«Пан се знайдуе на тэрыторіюм Польскі», — эмацыйна аргументаваў ахоўнік, яму дапамагаў у тым самым стылі ягоны калега. «А я мысьлялэм, жэ на тэрыторыюм Звёнзку Радзецкего», — рэплікаваў я.
Пасля хвілін дзесяці эмацыйнай спрэчкі, адзін з ахоўнікаў запатрабаваў мой пашпарт і пачаў перапісваць маё прозвішча з недвухсэнсоўным каментаром: «Но то цо, пан не хцял достосоваць се до рэгуляміну консуляту…», намякаючы на тое, што я магу мець цяпер праблемы з атрыманнем візы, хаця можна было заўважыць, што ахоўнікі не пачуваюцца дастаткова ўпэўнена, мае намёкі на тое, што іх дзеянні маюць бяспраўны характар, іх трохі ўразілі.

Яны мне пачалі даводзіць, што інструкцыя наконт сумак ды заплечнікаў усё ж была даведзена да публічнасці, адзін з іх кажа: «Зараз выйдземы і я пану покажэ оглошэне на джвях». Яшчэ некалькі хвілін заняло тлумачэнне ім, што ўнутраная тэрыторыя кансулату не ёсць публічным месцам. На ўнутранай тэрыторыі можна нагадаць пра правілы, якія ўжо раней былі ўпублічнены (напрыклад, у інтэрнэце), але гэта не можа быць адзіным месцам, дзе чалавек можа пра іх даведацца. Мы маем права азнаёміцца з імі перад тым, як прыбудзем у кансулат і адпаведна да гэтага падрыхтавацца.

Наконт гэтых інструкцый, што хаатычна (і неэстэтычна) павывешваны на ўнутранай тэрыторыі кансулату, дык паўстае яшчэ пытанне, ці можна іх увогуле трактаваць сур’ёзна.

Напрыклад, на адной вывесцы фігуруе інструкцыя такога зместу: «Карыстацца сотавым тэлефонам на тэрыторыі кансулату забаронена». На іншай вывесцы інструкцыя такая: «Забаронена ўносіць на тэрыторыю кансулату сотавыя тэлефоны…» З першага вынікае, што ўносіць можна, а толькі карыстацца нельга, з другога вынікае, што нават уносіць нельга.

Са старажытных часоў у заканадаўстве існуе прынцып: in dubio libertas, г.зн. законы або пастановы не абавязваюць, калі яны паміж сабой некагерэнтныя. Таму паўстае тут пытанне, ці ўвогуле можна сур’ёзна ўспрымаць павывешваныя пры ўваходзе ў кансулат інструкцыі.

(Я абмінаю тут тое, што амаль усе яны напісаны па‑расейску або/і па‑польску, хоць было б вельмі пажадана пісаць іх па‑польску і па‑беларуску. Як беларус, я не абавязаны ведаць расейскую мову.)

Нізкая праўная культура працаўнікоў кансулату спалучаецца з камандзірскім і халодным аж да жорсткасці стасункам да людзей. Ім найвідавочней даспадобы бачыць перад сабой натоўп пакорлівых людзей, гатовых трываць любыя прыніжэнні, абы толькі паспяхова прайсці ўсе гэтыя працэдуры і забыцца пра іх да наступнай такой працэдуры. Савецкі перыяд загартаваў іх у гэтай цярплівасці.

«Пан мі не бэндзе мувіл, цо мам робіць, я знам свое обовёнзкі», — вось пазіцыя ахоўнікаў. Маўляў, я навязваю ім свае правілы. Занадта разцягваць спрэчку не было сэнсу, хаця б з увагі на людзей, якія стаялі за дзвярыма ў чарзе. «Не замежам юж ніц пану мувіць, бэндэ розмавял з кімсь інным» — адказаў я і выйшаў.

Так, я сапраўды перакананы, што трэба размаўляць пра гэта з «кімсьці іншым» — генеральным консулам, паслом, а можа, нават і з прадстаўнікамі еўрапейскіх структур. Урэшце рэшт,

гэта не віна ахоўнікаў, што ў кансулатах парушаюцца правы чалавека, бо гэта ў значнай ступені праблема сістэмы.
Праблему трэба агучваць і ініцыяваць формы грамадскага уздзеяння на тыя інстытуты, унутры якіх культывуецца бяспраўе і араганцыя. Я ўжо даўно падкрэсліваў, што аўтарытарызм не ёсць выключна беларускай праблемай, праблема гэтая прысутнічае і ў Еўропе, і ў ЗША, толькі больш лакальна і прыхавана. Змагаючыся з формамі бяспраўя ў Беларусі, не трэба забывацца і пра бяспраўе ў Еўропе, у качатковым плане мы таксама нясем адказнасць за маральную кандыцыю старога кантыненту.

Каб не стварыць уражання, што я тут праз заплечнікі штучна раздзьмухваю праблему, раскажу яшчэ сёе‑тое з побыту ў кансулаце. Заплечнік я змог пакінуць у машыне працаўнікоў старахавой кампаніі, што стаяла каля кансулату, нават не трэба было нікуды хадзіць. Дзякую добрым людзям.

Урэшце ўвайшоў я ў будынак консульства. Там здзёрлі з мяне 90 еўра за 10‑дзённую шматразовую шэнгенскую візу… Прабачце за слова «здзёрлі», вырвалася, яны маюць на гэта права, тут ніякіх прэтэнзій не маю. Прэтэнзіі маю да спосабу, якім размаўляла са мной пані віцэ‑консул. Аказалася, што ў мяне няма ксеракопіі запрашэння і, здаецца, якойсьці старонкі пашпарту. «А гдзе? Гдзе ксэрокопіе?» — запытвае пані мяне такім тонам, які мне нагадаў тон настаўніцы ў школе: Дзе дзённік? —

«По цо пан вшэдл тутай? Таньчыць пан тутай пшышэдл, чы цо?»

Нават калі прыняць, што гэта сапраўды мая віна, што я не даведаўся аб тым, што патрэбны гэтыя ксеракопіі, то ўсё ж у кожнай мове — і польская мова тут не выключэнне — існуюць моўныя сродкі, пры дапамозе якіх можна культурна паведаміць пра адсутнасць тых ці іншых рэчаў, патрэбных для афармлення візы. Рэпліку пані віцэ‑консул я не магу трактаваць інакш, як толькі праявай звычайнага хамства.

Тут трэба зрабіць яшчэ адно адступленне адносна дакументаў, патрэбных для выдачы візы. Вельмі многа людзей — як мінімум чатыры пятыя — якія набліжаюцца да акенца віцэ‑консула, маюць «не ўсё ў парадку» ці то з анкетай, ці то з якімісь іншымі фармальнасцямі. У значнай ступені гэта тлумачыцца тым, што фармальныя патрабаванні вельмі зменлівыя, вельмі нюансаваныя і не заўсёды ясна сфармуляваныя. Трэба быць сапраўды спецыялістам у гэтай справе, каб усе фармальнасці падрыхтаваць бездакорна.

Вось жа погляд працаўнікоў кансулату на фармальныя патрабаванні вельмі — па‑мойму — эгацэнтрычны. Многія рэчы ім здаюцца самавідавочнымі, паколькі самі яны ад рання і да вечара маюць дачыненне з гэтымі рэчамі. Але для чалавека, які раз у год або нават калі раз у месяц сутыкаецца з гэтымі фармальнасцямі, далёка не ўсе рэчы могуць быць яснымі або відавочнымі. Але гэтага працаўнікі кансулатаў, здаецца, не ўсведамляюць і не хочуць усведамляць.

Я перакананы, што як мінімум 50 % праблем з фармальнасцямі аўтаматычна адпала б, калі б кансулат прадугледзеў бы хаця б адно інфармацыйнае акенца, дзе можна было б — можна нават за дадатковую плату — пяпярэдне атрымаць поўную інфармацыю адносна фармальных пытанняў.

Тэарэтычна, можна з гэтай мэтай звярнуцца ў кансулат праз тэлефон або вія э‑мэйл, але выясняць такія справы праз тэлефон вельмі нязручна (асабліва калі па голасе чуеш, што цябе трактуюць як надакучлівага кліента — то ў Горадні, а ў Менску, кажуць, лягчэй дазваніцца да Лукашэнкі, чым у польскае консульства), а на э‑мэйлы ніхто не адказвае.

Даведаўшыся, што адсутнасць патрэбнай ксеракопіі інтэрпрэтуецца паняй віцэ‑консул як жаданне танцаваць у кансулаце, я пачаў спрабаваць пераканаць, што ўсё ж не танцы з’яўляюцца мэтай майго візіту, але менавіта атрыманне візы. Тады пані мне кажа: «То нех пан залатві потшэбнэ ксэрокопіе, але то шыбко, бо за пулгодзіны коньчымы пшыймоване інтэрэсантув!»

Якім чынам «залатвіць» (бегчы на пошту?), якім чынам «шыбко» ў мяне паняцця не было. І тут чую: «Альбо нех пан се зглосі по вшысткіх». Я, вядома ж, выбраў другі варыянт, адышоў убок і пачаў чакаць, пакуль усе інтарасанты вырашаць свае справы. І тут я пабачыў за спінамі паняў, што прымалі інтарасантаў, дзве капіравальныя машыны. Падумалася: няўжо з тых 90 еўра нельга было б узяць пару дзесяткаў цэнтаў на тое, каб адсвяціць адну ці дзве старонкі майго пашпарту? Ды ладна з тымі еўра, я ж быў бы ахвотны заплаціць дадаткова за гэтае ксераванне. Разважыўшы гэтак і выбраўшы зручны момант, я адважыўся падысці да акенца другой віцэ‑консул і ветліва запытаў: «Ці можна было б за дадатковую плату зрабіць у вас ксеракопію?» і пачуў катэгарычнае: «Не». Чаму не, невядома. Але, пасля таго, як усіх інтарасантаў прынялі, мне кажуць падысьці да таго самага акенца, дзе я прасіў зрабіць ксеракопію. Пані ўзяла мой пашпарт, зрабіла патрэбную ксеракопію і аформіла мае дакументы на візу. І няхай мне цяпер хто растлумачыць, які сэнс быў адпраўляць мяне на канец чаргі, калі ўсё ж было магчымым зрабіць ксеракопію на службовай машыне? Дбанне пра іншых інтарасантаў, нежаданне затрымліваць чаргу? Прабачце, але выкананне ксеракопіі заняло 8 секундаў! Тады ў чым справа? А справа ў тым, што гэткімі метадамі працаўнікі польскага кансулату імкнуцца нас выхоўваць, каб на наступны раз ведалі, што ў кансулат трэба заходзіць з патрэбнымі ксеракопіямі, а не каб танцаваць. Спадарства, самі ацэньвайце вартасць такой педагогікі.

Але на самой справе сэнс адпраўлення мяне на канец чаргі быў, і то вялікі. Дзякуючы гэтаму я змог паглядзець, якім чынам трактаваліся паняй віцэ‑консул іншыя інтарасанты. Вось, падыходзіць да акенца маладая жанчына. Яна нарадзіла дзяцей у Польшчы, але цяпер жыве з імі ў Беларусі. Усе трое дзяцей хворыя і патрабуюць лячэння, якое не могуць даць дактары ў Беларусі. Патрэба лячыць дзяцей і ёсць асноўным матывам прашэння візы. Мяне ўразіў тон, з якім віцэ‑консул звярталася да гэтай жанчыны. А чаму вы пазначылі «90 дзён», а навошта вам так многа часу, што вы так доўга збіраецеся рабіць? Жанчына ветліва тлумачыць, што пазначыць «90 дзён» параіў сам консул, але яна зусім не супраць, калі тэрмін будзе скарочаны водле таго, як кансулат палічыць патрэбным і г.д….

* * *

Я атрымаў вышэйшую адукацыю ў Люблінскім і Ягелонскім універсітэтах, спадзяюся цяпер абараніць доктарскую дысертацыю тамсама, я з павагай стаўлюся да Польшчы і да палякаў, і побыт у Гарадзенскім кансулаце сутнасна не змяніў гэтага стаўлення. Аднак, калі прыняць, што консульства — гэта своесасаблівая візітоўка адпаведнай краіны, то трэба сказаць, што гэта вельмі дрэнная візітоўка.

Гэта візітка не еўрапейскай і прававой дзяржавы, а візітка савецкай, бюракратызаванай, нізкакультурнай канторы, дзе многім пляваць на тваю чалавечую годнасць.

І такія канторы трэба дэзавуаваць, нават калі яны выступаюць пад шыльдаю «еўрапейскіх».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?