Беларусь і Кітай падпісалі пагадненне па рэалізацыі другога этапу праекта па будаўніцтве сацыяльнага жылля. Адпаведны дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Як вынікае з пагаднення, усяго будзе пабудавана 1854 кватэры сацыяльнага жылля ў 22 дамах шасці абласцей і Мінску. Кітайскі бок бярэ на сябе выдаткі па будаўніцтве, даручае кіруючай праектам кампаніі ажыццяўляць знешні нагляд і кіраванне фінансаваннем.

Выдаткі на рэалізацыю праекта складуць 349,09 млн кітайскіх юаняў (51,2 млн даляраў). У Брэсцкай вобласці будзе выдаткавана 32,51 юаняў (4,7 млн даляраў), Віцебскай - 55,53 юаняў (8,1 млн даляраў), Гомельскай - 54,73 юаняў (8 млн даляраў), Гродзенскай - 47, 51 млн юаняў (6,9 млн даляраў), Мінскай - 81,04 юаняў (11,8 млн даляраў), Магілёўскай - 61,77 юаняў (9 млн даляраў), выдаткі па горадзе Мінску складуць 16 млн юаняў (2,3 млн даляраў). Прадугледжаны таксама выдаткі кампаніі па кіраванні праектам ад кітайскага боку.

«Фінансаванне выдзяляецца са сродкаў тэхніка-эканамічнай дапамогі, прадугледжаных Пагадненнем паміж Урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі і Урадам Рэспублікі Беларусі аб тэхніка-эканамічнай дапамозе ад 29 верасня 2016 года, і сродкаў тэхніка-эканамічнай дапамогі ў 2017 годзе», - гаворыцца ў дакуменце.

Будаўніцтва будзе ажыццяўляць прадпрыемства, якое Беларусь абярэ «з рэкамендаваных кітайскім бокам кітайскіх прадпрыемстваў».

Старт праекту быў дадзены ў 2016 годзе. На першым этапе было запланавана пабудаваць 16 сацыяльных дамоў у Брэсце, Пінску, Віцебску, Оршы, Гомелі, Буда-Кашалёве, пасёлку Юбілейным, Мазыры, Светлагорску, Гродне, Магілёве, Бабруйску і Асіповічах.

Першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Кручанаў назваў гэты праект «падарункам беларускаму народу».

Тое жыллё не выстаўляецца на продаж, а ідзе ў камунальную ўласнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?