У Шклове за хабарніцтва асудзілі супрацоўніка турмы. Ён дапамагаў зняволеным атрымліваць забароненыя перадачы, за што атрымліваў грошы і матэрыяльныя каштоўнасці, піша 6tv.by.
Жыхар Шклова на пасадзе начальніка атрада аддзела папраўчай установы са студзеня па лістапад 2015 года перадаваў зняволеным забароненыя перадачы. Прычым дзейнічаў старшы лейтэнант не толькі па просьбах зняволеных, але і па ўласнай ініцыятыве.
Начальнік атрада перадаваў мабільныя тэлефоны, планшэтныя камп'ютары, плэеры, гарнітуру да іх, SIM-карты, карты памяці, туалетную ваду, валюту, алкаголь і медыкаменты. За гэты атрымліваў ад зняволеных, іх сваякоў і іх знаёмых грошы і матэрыяльныя каштоўнасці.
Суд Шклоўскага раёна прызнаў супрацоўніка турмы вінаватым у хабарніцтве, перавышэнні ўлады і прысудзіў да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Асуджанага таксама пазбавілі звання старшага лейтэнанта ўнутранай службы.
Прысуд уступіў у законную сілу.