15 чэрвеня на вуліцы Папаніна ў Брэсце міліцыя ў цывільным жорстка затрымала чацвярых.

Тры аўтамабілі «заціснулі» чацвёрты, прымусова спынілі, затым з іх выскачылі дужыя хлопцы, разбілі шкло ў чацвёртай машыны, адтуль вывелі двух мужчын і дзвюх жанчын, паклалі іх тварам на зямлю ў кайданках, паведамляе мясцовы партал «Віртуальны Брэст».

Пры гэтым адразу дужыя хлопцы звярнулі ўвагу на тых, хто стаў здымаць тое, што адбываецца на мабільныя тэлефоны. Бо першапачаткова людзі выказалі здагадку, што гэта нейкія «разборкі» ў стылі 90-х, усё так і выглядала збоку. У выніку ва ўсіх, хто здымаў відэа ці фота, адабралі тэлефоны.

Усе, хто пазбавіўся сваёй тэхнікі, расказалі «Віртуальнаму Брэсту», што ім не паказалі ніякіх пасведчанняў і нават не назваліся, проста забралі тэлефоны з рук. У далейшым, пад кантролем, пры ўмове выдалення фота і відэа тэлефоны вярнулі.

У прэс-службе брэсцкай міліцыі «Нашай Ніве» пацвердзілі факт затрымання. Працавалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Усіх чацвярых «вялі» ўжо некаторы час, затрыманых падазраюць у захоўванні і распаўсюдзе наркотыкаў. Пры затрыманні былі канфіскаваныя наркатычныя рэчывы, яны адпраўлены на экспертызу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?