Ну вось усё і стала на свае месцы. Палітолягі, што наперабой казалі пра заходні трэнд Лукашэнкі, могуць трохі астыць. Крэмль выціснуў зь яго ня проста словы падтрымкі, а натуральны панэгірык.

"Усё было зроблена выдатна, вельмі спакойна, мудра і прыгожа", — так адкамэнтаваў каўкаскую вайну на сустрэчы ў Сочы зь Мядзьведзевым 19 жніўня беларускі афіцыйны кіраўнік. Зрэшты, ён падкрэсьліў, што ніколі не называў гэтыя падзеі вайной. І дадаў, што Захад у падобнай сытуацыі наламаў бы такіх дроў, што "заварушыўся б увесь сьвет".

Такім чынам, Менск прадэманстраваў славутую "шматвэктарнасьць" у дзеяньні. Болей дакладна было б назваць гэтае лавіраваньне між цэнтрамі сілы палітыкай манэўровага паравоза. Беларускае кіраўніцтва і ня думае ні пра якую лібэралізацыю. Думка адна: любым коштам уратаваць статус-кво!

Усе трэнды афіцыйнага Менску, над якімі глыбакадумна разважаюць аналітыкі, — гэта толькі снаваньне туды-сюды з адзінай звышмэтай — захаваць уладу ў краіне.

Зрэшты, расейскае кіраўніцтва, трэба думаць, усё прасекла і ня надта дае веры запозьненым панэгірыкам. Размова датычна цаны газу, адзінага рубля, прыватызацыі прывабных беларускіх актываў ды разьмяшчэньня "Іскандэраў" чакаецца "чыста канкрэтная". Будуць ламаць далей.

ЗЫ. Ну а вось і Захад атрымаў сваю порцыю. Яшчэ адна гарачая цытата з "Бачаравага Ручая": "Калі я чую — заходнія дзяржавы і амэрыканцы пачынаюць казаць на гэтую тэму, я лічу, што яны — недалёкія людзі, якія на гэтую тэму разважаюць ды павучаюць Расею".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?