Што стаіць за планамі набыцця самалётаў СУ-30СМ за $600 мільёнаў?
І раней Беларусь прасіла Расію аб пастаўках самалётаў, але тыя знаходзілі прычыны сказаць «Не».
Адзінае, што атрымала наша краіна раней, — гэта 8 вучэбна-баявых Як-130, якія па агнявой магутнасці ўсяго толькі непаўнавартасныя аналагі штурмавіка Су-25.
У гэты самы час Масква дамагалася размяшчэння ў Беларусі авіябазы, для якой расійскае кіраўніцтва абрала месца пад Бабруйскам.
Беларускі бок адназначна працівіўся размяшчэнню базы.
Яе так і не з'явілася, і прыйшло паведамленне, што ў Беларусі будуць ўласныя знішчальнікі.
Дык ці азначае гэта, што Лукашэнка здолеў настаяць на пазіцыі «Вы нам не базу — вы нам самалёты дайце»?
Такі сцэнар дае выгады і Расіі — яна заробіць на продажы і перыферыйных выдатках (яны пойдуць у даўгі Беларусі).
Так бы мовіць, Беларусь ахвяравала грашыма дзеля суверэнітэту.
Мы спыталіся ў аглядальніка Аляксандра Алесіна, ці згодны ён з такой інтэрпрэтацыяй сітуацыі.
«Пытанне з базай здымаецца адназначна. — сказаў нам Алесін. — Расія хацела ў пэўны момант скарыстацца слабасцю Лукашэнкі і навязаць яму базу. Але сёння Расіі з намі сварыцца не выгадна. І яны, відаць, усё ж пайшлі насустрач нашым патрабаваннем даць самалёты найлепшым пілотам замест размяшчэння базы. Але скажам так, што нейкі прафіт Расія мае — сам факт з'яўлення гэтых самалётаў наўрад ці ўзрадуе нашых суседзяў, пагоршыць адносіны, што Расіі і выгадна. Але і мы выйграем — Су-30СМ шматфункцыянальныя, яны могуць выкарыстоўвацца і як перахопнікі, і як бамбардзіроўшчыкі, і як знішчальнікі. Мы знялі з узбраення ўжо Су-24, Су-27, выведзем МіГ-29, тыя ж выдаткі на паліва мы скароцім. Таму можна сказаць так, недзе мы выйграем», — мяркуе Алесін.