Краязнаўца, журналіст і каталіцкі вернік Кастусь Шыталь напісаў падрабязнасці здарэння, у якое патрапіў на вакзале ў Докшыцах.

«Выбраўся сёння ў Докшыцы, каб вырашыць некалькі дробных справаў. Зайшоў, куды збіраўся, набыў усё, што трэба. Гляджу на гадзіннік -— праз восем хвілін аўтобус на Параф’янава. Ну, думаю, вярнуся аўтобусам дамоў — і, пакуль на Імшу ісці, пасяджу ў інтэрнэце, пачытаю нешта. Я і падумаць не мог, што мяне чакаюць нештодзённыя прыгоды.

Прыйшоў на аўтастанцыю за дзве хвіліны да аўтобуса. У касе сказалі, што квіткоў ужо не прадаюць. Нічога, куплю ў кіроўцы. Выйшаў на вуліцу. Аўтобус позніцца, пасажыры на платформе чакаюць. Я стаю і ем слойку, якую купіў у фірмовай краме Докшыцкага хлебазавода. Смачна. І танна — 24 капейкі ўсяго. Да мяне прычапіўся валацужны кот. Я адарваў яму кавалак слойкі, а той панюхаў і не стаў есці. Пераборлівы, скаціна.

Пад’ехаў аўтобус. Пасажыры зайшлі ў салон. Кіроўца пабег па дакументы да дыспетчара. Я стаю каля ўваходу, каб набыць квіток, калі вернецца кіроўца. Гляджу — а на лабавым шкле развешаная цэлая галерэя голых жанчын. З вопраткі ў іх толькі купальнікі. І чорна-аранжавая стужачка — георгіеўская або «каларадская» — зверху.

Ілюстрацыйная выява.

Ілюстрацыйная выява.

Я лічу, што кепска, калі ў грамадстве пашыраецца такі светапогляд, дзе жанчына — не чалавек, а толькі аб’ект пажады, сэксуальнага выкарыстання. А такія карцінкі, іх дэманстрацыя -— гэта якраз праява такога светапогляду. У Беларусі спрадвеку шанавалася прыстойнасць — што ў норавах, што ў вопратцы. Ніколі не лічылася нармальным, каб жанчына голая хадзіла, ці каб выяву голай жанчыны вешаць на ўсеагульны агляд.

Феміністкі б назвалі гэтую з’яву «аб’ектывацыя». Рэдкі выпадак, калі я пагаджаюся з феміністкамі.

Хай бы чалавек вешаў такія карцінкі дома. Гэта справа густу, у прыватнай прасторы чалавек хай робіць, што яму падабаецца. А аўтобус — іншая рэч. Аўтобус не належыць кіроўцу. Аўтобус за мае, пасажыра, грошы едзе. І кіроўца з маіх грошай заробак атрымлівае.

Заўважаю, што аўтобус — вішнёвага колеру. Мусіць, той самы, з якога я ў мінулым годзе прымусіў зняць вымпел са сцягам і гербам Расіі. 

«Вось яны, эстэтычныя густы прыхільнікаў «рускага міра» і расейскага сцяга», — думаю.

Прыйшоў кіроўца. Набываю квіток да Параф’янава. І адразу раблю заўвагу.

— Здыміце, калі ласка, голых баб з вакна.

— Некогда мне. Автобус ломается. Не дурите голову!

— Калі Вы не здымеце, я буду пісаць зварот у «Аблаўтатранс».

— Идите на ***!

— Лаецеся ў грамадскім месцы? Гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Калі я звярнуся ў міліцыю, а пасажыры пацвердзяць, Вас могуць аштрафаваць або пасадзіць на суткі.

— Выйдите с автобуса!

— Не выйду. Я ж набыў квіток.

— Мне всё равно. Выйдите! Раньше вы ко мне за российский флаг цеплялись, а сейчас опять…

Я ўражаны нахабнасцю кіроўцы. Ладна, што не пагаджаецца са мной. Але спрабаваць выгнаць з аўтобуса пасажыра, які аплаціў праезд — гэта ўжо занадта. 

— Ну, малец, ты нарваўся. Застанешся без прэміі за гэты месяц! — кажу я раззлаваны. 

— Сейчас отвезу Вас в милицию, — кажа на гэта кіроўца. Заводзіць рухавік, і аўтобус з аўтастанцыі заварочвае не на цэнтральную вуліцу, а ў бок РАУСа.

Пасажыры абыякавыя да таго, што адбываецца. Ні за мяне, ні за кіроўцу ніхто не заступаецца. Іх не закранула нават тое, што аўтобус затрымліваецца праз тое, што кіроўца паехаў да пастарунка. «У міліцыю прыехалі» -— млява канстатуе пасажырка старэйшага веку, звяртаючыся да суседкі.

Аўтобус стаў каля РАУСа. Кіроўца прайшоў у будынак. Вярнуўся з двума міліцыянтамі.

— Пройдёмте с нами.

— А якая прычына?

— Водитель заявил нам, что Вы нарушали общественный порядок. Статья семнадцаць-один административного кодекса.

Аўтобус паехаў. Міліцыянты завялі мяне ў РАУС, забралі пашпарт і пайшлі ў дзяжурную частку, вырашаць, што рабіць. Праз хвілін сем выйшаў адзін з міліцыянтаў і кажа:

— Мы проверили, созвонились с людьми, которые были в автобусе. Правонарушения в Ваших действиях не усматривается. Мы запишем Ваши объяснения и отпустим. К водителю с нашей стороны претензий нет, но Вы можете обратиться к руководству предприятия.

Міліцыянт завёў мяне ў кабінет на другім паверсе, узяў тлумачэнні. Размаўляў спакойна і ветліва.

— Водитель, конечно, некрасиво поступил. Пришёл и заявил нам, что Вы скандалили в автобусе. Мы сразу поняли, что Вы ничего не нарушали. И в Парафьяново Вы не уехали… Можете пойти на автостанцию, потребовать возврата денег за билет. И напишите обращение к руководству автопарка, чтобы его привлекли к дисциплинарной ответственности. А мы в автопарк Ваши объяснения отправим, пусть там знают, — кажа міліцыянт.

Развітваюся з міліцыянтам і сыходжу з РАУСа. Іду на аўтастанцыю, каб зрабіць запісы ў кнізе заўваг і прапаноў. Па-першае, прашу, каб знялі аголеных жанчын і георгіеўскую стужку ды больш не вешалі такога. Па-другое, каб кіроўцу прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці за тое, што адхіліўся ад маршрута і не давёз мяне ў Параф’янава. Аднак, дадаю — «зважаючы на цяжкую сітуацыю з працаўладкаваннем, прашу не пазбаўляць яго працы».

Стэлефаноўваюся з рэдактарам «Нашай Нівы». Ён кажа, каб я напісаў матэрыял пра здарэнне.

«Вось — думаю — я атрымаю ганарар за артыкул, кіроўца не атрымае прэміі… А маглі б спакойна дамовіцца…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?