Канадскі снайпер паставіў рэкорд, забіўшы ў Іраку баевіка з адлегласці 3 450 метраў, паведаміла выданне Globe and Mail. У камандаванні войскаў спецыяльнага прызначэння Канады пацвердзілі інфармацыю, але адмовіліся раскрываць дэталі, піша ВВС.

Getty

Getty

Паводле звестак Globe and Mail, вайсковец 2-й аб'яднанай аператыўнай групы стрэліў у баевіка групоўкі «Ісламская дзяржава» са снайперскай вінтоўкі McMillan TAC-50.

Куля праляцела 10 секунд перш чым трапіць у цэль, адзначае газета.

Па словах крыніцы выдання ва ўзброеных сілах Канады, гэты стрэл «фактычна сарваў напад баевікоў ІД на іракскія сілы бяспекі».

«Гэта было вельмі дакладнае прымяненне сілы. Снайпер быў настолькі далёка, што кепскія хлопцы проста не маглі зразумець, што адбываецца», — сказаў суразмоўца газеты, дадаўшы, што смерць баевіка была зафіксаваная на відэа.

«Гэта неверагоднае майстэрства. Гэта сусветны рэкорд, які, магчыма, ніколі больш не будзе пабіты», — падкрэсліла крыніца.

Папярэдні рэкорд належыць брытанскаму снайперу Крэйгу Харысану, які застрэліў баевіка групоўкі «Талібан» з адлегласці 2 тыс. 475 метраў. Гэта адбылося ў 2009 годзе ў Афганістане.

Паводле даных JBM Ballistics, кулі, выпушчаныя Харысанам са снайперскай вінтоўкі L115A3 Long Range Rifle, дасягнулі цэлі прыкладна праз шэсць секунд.

У 2015 годзе Харысан напісаў аўтабіяграфічную кнігу «Самае доўгае забойства» (The Longest Kill), у якой, у прыватнасці, распавёў, што пакутуе ад посттраўматычнага стрэсавага разладу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?