Нямецкі канцэрн Daimler даверыў першым 10 станцыям МАЗа ў Расіі абслугоўваць свае рухавікі Mercedes, а неўзабаве такая магчымасць будзе рэалізавана і ў сэрвісным цэнтры МАЗ у Мінску. Перспектывы далейшага супрацоўніцтва з вытворцамі з Германіі абмеркавалі 23 чэрвеня на канферэнцыі ў Мінску, якую правёў ААТ «МАЗ» разам з кампаніямі Daimler і ZF.

Мінскі аўтазавод і канцэрн Daimler зараз працуюць над сертыфікацыяй сэрвісных станцый у Беларусі, Расіі і Украіне, што дазволіць ім афіцыйна абслугоўваць рухавікі Mercedes. «У далейшым работы працягнуцца. Мы разлічваем, што комплекснае абслугоўванне будзе рэалізавана і на большасці іншых станцый МАЗ у розных краінах», — растлумачылі на прадпрыемстве.

Раней кампаніі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні і заключылі дагавор на пастаўку аўтазапчастак. Акрамя таго, МАЗ набыў спецыяльнае дыягнастычнае абсталяванне і інструменты. Спецыялісты мінскага сэрвіснага цэнтра МАЗа плануюць прайсці дадатковае навучанне ў навучальным цэнтры Mercedes-Benz у Набярэжных Чаўнах.

Беларускі вытворца ўжо мае досвед абслугоўвання камплектуючых еўрапейскіх вытворцаў. Так, з 2015 года сэрвісны цэнтр МАЗ рамантуе вузлы і агрэгаты ZF. Абедзве кампаніі, роўна як і ўладальнікі аўтапаркаў, задаволеныя якасцю работ, падкрэслілі ў ААТ «МАЗ».

Мінскі аўтазавод цяпер абсталёўвае рухавікамі Mercedes пасажырскую тэхніку, цягачы, самазвалы і сярэднетанажныя аўтамабілі. Пры гэтым на заводзе выкарыстоўваюць нямецкія маторы чатырох класаў (ад Еўра-3 да Еўра-6) магутнасцю ад 204 да 435 «коней». Сярод адрозненняў — надзейнасць (сілавы агрэгат стабільна працуе нават пры прабегу больш за 700—800 тыс. км) і высокая эканомія паліва.

ААТ «МАЗ» з 2003 года выпусціла больш за 18 тыс. адзінак тэхнікі з рухавікамі Mercedes-Benz. У найбліжэйшы час пачнуцца пастаўкі прататыпаў каробак перадач Daimler. «Уся аўтатэхніка адпавядае міжнародным стандартам якасці і карыстаецца вялікім попытам у Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіне, Казахстане, Сербіі, Іране і ў іншых краінах», — падкрэсліў на заводзе.

У сваю чаргу канцэрн ZF пастаўляе на Мінскі аўтазавод механічныя і аўтаматычныя каробкі перадач для грузавой і пасажырскай тэхнікі, роўна як і партальныя масты, раздаткавыя каробкі і рулявыя механізмы. Усяго з 2008 года на аўтатэхніку МАЗ было ўсталявана больш за 45 тыс. каробак перадач ZF.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0