Праблема рускай мовы, дарагія мае расійскія фрэнды, вось у чым. Вам трэба вызначыцца, чым яна для вас з'яўляецца. Гэта ваша ўласнасць, якая мае патрэбу ў абароне ад замахаў. Ці гэта бясплатная карыстальніцкая опцыя, якую вы перадаяце ўсім ахвотным.

Цяпер усё выглядае так, як быццам вы сваю мову даяце ў пазыку, каб потым запатрабаваць працэнты.

Вы ўгаворваеце або прымушаеце (менавіта прымушаеце) чытаць Пушкіна, а потым радасна смеяцеся, калі беларускія дзеці лапочуць пра работніка Балду, і прыгаворваеце: вось бачыце, у нас жа адна культура.

У вас — адна. У мяне — іншая, проста вам лянота пацікавіцца. І я б хацеў, каб вы зразумелі: нам трэба загадзя абгаварыць умовы. Калі тое, што я чытаю Пушкіна, робіць мяне часткай рускай культуры, то забірайце Пушкіна і ідзіце. Немцы не патрабуюць у мяне такога хабару за карыстанне вялікім Рыльке, а кайфу больш разоў у пяць, па часнаку.

Я вырас у рускамоўна краіне, у рускамоўнай сям'і. Але ў любога стану ёсць гісторыя. Таму я разумею, што рускамоўнасць Беларусі — гэта пэўнае намаганне і я гатовы прыкладаць сіметрычныя высілкі, каб ізноў зрабіць яе беларускамоўнай. І ў нейкі момант мы з вамі абавязкова загаворым аб прыгнёце рускай мовы. Таму давайце не будзем адкладваць.

Веданне мной рускай я ўспрымаю як безумоўную карысць. Але рэаліі такія, што веданне рускай у Беларусі — гэта не проста карысць, а жыццёвая неабходнасць. І гэта мне не падабаецца. Я ўпэўнены, што веданне замежных моў павінна быць пытаннем перавагі, але не пытаннем індывідуальнага выжывання. Асабліва калі краіна твая, а мова — чужая.

Таму ў Беларусі маёй мары статус рускай мовы павінен зводзіцца да вельмі карыснай опцыі.

І так. Я лічу, што руская мова ў Беларусі павінна быць дыскрымінавана. Я не даканца на ўзроўні пачуццяў магу зразумець ваш боль за ўсіх рускамоўных не Расіі, я на ўсялякі выпадак растлумачу.

Дыскрымінацыя — гэта не так страшна. Я дажыў амаль да 34-х гадоў. І, напэўна, адносна здаровы псіхічна, а калі не, то гэта не моцна заўважна.

Дыскрымінацыя ж гэта маё штодзённае жыццё.

Як гэта? Гэта так, што я не магу па-беларуску атрымаць практычна ніякіх паслуг, акрамя прыватных. Таму, калі рускамоўны не зможа атрымаць ніякіх паслуг па-руску, паверце, ён выжыве.

Я лічу, што руская мова павінна дыскрымінавацца да таго часу, пакуль вы шчыра не скажаце, што вы хочаце за яе выкарыстанне. Хай яна лепш будзе дыскрымінавана, бо, калі вы адкажаце шчыра, — яе трэба будзе наогул забараніць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?