У Бранску (РФ) Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб халатнасці з-за смерці 11 нованароджаных дзяцей у перынатальным цэнтры Бранскай гарадской бальніцы № 1, паведамляе Meduza.

«У рамках крымінальнай справы з прыцягненнем адпаведных спецыялістаў будуць высветленыя пытанні якасці аказаных установай медыцынскіх паслуг», — сказана ў паведамленні.

Перынатальны цэнтр быў адкрыты ў пачатку сакавіка 2017 года, на адкрыццё прыязджаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. 11 дзяцей, паводле даных СК, памерлі ў перыяд з 8 сакавіка па 1 чэрвеня.

Аб праверцы працы цэнтра стала вядома 21 чэрвеня — паведамлялася, што яна была звязаная са зваротамі жанчын, у якіх у радзільным доме памерлі дзеці (відэа са зваротам некалькіх жанчын было апублікаванае 16 чэрвеня).

За некалькі дзён да гэтага выданне «Бранская вуліца» паведаміла са спасылкай на крыніцы, што цэнтр часова закрыты — нібыта з-за гібелі дзяцей ад унутрыбальнічнай інфекцыі. Кіраўнік цэнтра Аляксандр Кулачэнка абверг гэтыя здагадкі, заявіўшы, што цэнтр закрыты на прафілактычныя працы па праверцы вентыляцыі і каналізацыі; па яго словах, памерлыя дзеці былі або «з экстрэмальна нізкай масай цела», або «мелі свае захворванні і ў якіх яшчэ было недастаткова імуннай сістэмы».

21 чэрвеня абласны дэпартамент аховы здароўя паведаміў, што памерлыя дзеці знаходзіліся ў аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, куды за час працы цэнтра трапілі 43 дзіцяці (усяго там нарадзілася 705 чалавек).

«Дзякуючы выкарыстанню сучасных перынатальных тэхналогій захаваны жыцці 32 дзецям, у тым ліку 16 з нізкай і экстрэмальна нізкай масай цела», — заявілі ў дэпартаменце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?