Міністэрства фінансаў Украіны сёння падало ў англійскі Апеляцыйны суд неабходныя дакументы для абскарджання рашэння Высокага суда Лондана ад 29 сакавіка аб паскораным разглядзе пазову Расіі супраць Украіны па еўрааблігацыях на 3 млрд даляраў ЗША, піша УНІАН.

Як паведамляецца на сайце Міністэрства фінансаў, Украіна ўпэўненая ў аргументах апеляцыі і ў выйгрышы ў Апеляцыйным судзе ў адпаведны тэрмін.

«Слуханні апеляцыі папярэдне прызначаныя на другую палову студзеня 2018 года», — адзначаецца ў паведамленні.

29 сакавіка Лонданскі суд ухваліў паскораны разгляд пазову Расіі супраць Украіны «доўгу Януковіча» ў 3 мільярды даляраў, не прызнаўшы абгрунтаванасць аргументаў Украіны ў гэтай справе. Пры гэтым суд ухваліў падачу Украінай апеляцыі на рашэнне суда, а таксама часова замарозіў любыя дзеянні па спагнанні доўгу.

Высокі суд Лондана 19 студзеня завяршыў трохдзённыя слуханні па пазове Расіі да Украіны па крэдыце ў 3 мільярды даляраў, атрыманага краінай у снежні 2013 года па дамоўленасці паміж прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і тагачасным прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам. Украіна лічыць гэты крэдыт «хабарам» Крамля былой украінскай уладзе за адмову ад еўраінтэграцыі, тады як расійскі бок настойвае на яго пагашэнні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?