Акрамя славутых пісьменнікаў, мастакоў і навукоўцаў, сярод выхадцаў з Беларусі былі і людзі, якія абралі зусім іншы шлях. Яны набылі вядомасць не дапамагаючы людзям, а наадварот — забіраючы чужыя жыцці і маёмасць.

Мільярдэр і калабарант

Мендэль Школьнікаў, адзін з найбагацейшых людзей у акупаванай Францыі, зарабіў мільярды дзякуючы супрацы з нацыстамі. А нарадзіўся ён ў Шаркаўшчыне ў 1895 годзе.

Сам Школьнікаў казаў, што яго бацька быў гандляром тканінай, які страціў усё пасля рэвалюцыі.

Але да 1917 года бацькавым бізнэсам займаўся і сам Мендэль — ён пастаўляў тканіну для царскай арміі.

Пасля рэвалюцыі разам з маладой жонкай Школьнікаў жыве ў Літве, пасля ў Польшчы. Там ён прызнае сябе банкрутам, едзе ў Бельгію, дзе яго судзяць за махлярства.

У 1930-я Школьнікаў жыве ў Францыі. Ён пачынае старызнікам, але неўзабаве ізноў займаецца продажам тканіны, бізнэс ідзе добра. Мендэль мяняе імя і становіцца Мішэлем.

Праўда, увесь час Мішэль мае праблемы з законам. Але яму шанцуе: ён не мае грамадзянства, таму яго не могуць дэпартаваць з краіны.

Сапраўдны ж росквіт ў жыцці Школьнікава пачаўся неўзабаве пасля акупацыі Францыі Германіяй — ён наладзіў добры кантакт з нацыстамі. Яго галоўным кліентам стаў Нямецкі ваенна-марскі флот, якому Мішэль пастаўляў тканіну і прадукты харчавання.

У акупаванай Францыі Школьнікаў скупае за бесцань яўрэйскі бізнэс і перапрадае яго немцам; часам ён нават здаваў канкурэнтаў у гестапа або накіроўваў паліцыю на нелегальныя склады канкурэнтаў з таварам (за гэта атрымліваў частку тавару). У нейкі момант Школьнікаў зрабіўся адным з «каралёў» чорнага рынку ў акупаванай частцы Францыі, зарабіўшы столькі грошай, што стаў сур'ёзна ўкладвацца ў куплю самых дарагіх французскіх гатэляў на Рыўеры: «Луўр» і «Віндзор» у Манака, Le Plaza ў Ніцы, Majestic у Экс-ле-Бэн, «Гранд Гатэлі» ў Біярыцы і ў Парыжы («Гранд гатэль дэ Пары»).

Ён скупляў усё: крамы, рэстараны, банкі, фірмы. У гэтым яму дапамагалі сябры-немцы — Школьнікаў пачынае фінансаваць СС.

У цэлым, па розных ацэнках, багацце Школьнікава пад канец вайны склала каля 6 мільярдаў франкаў (прыкладна паўмільярда еўра па цяперашніх цэнах), жыў ён на вельмі шырокую нагу ва ўласным шале (кажуць, у яго гасцяваў нават Гімлер). Пад канец вайны ён пачаў паволі перамяшчаць грошы і бізнэс у Іспанію. У маі 1944-га Школьнікаў узяў з сабой ювелірных упрыгожванняў на 800 мільёнаў франкаў і канчаткова з'ехаў туды.

17 чэрвеня 1945 года яго абгарэлы труп знайшлі недалёка ад Мадрыда ў спаленым аўтамабілі. П'ер Абрамовіч, біёграф Школьнікава, указваў на неадпаведнасці пры апазнанні цела, магіла на могілках Эль-Малар на самай справе — масавае пахаванне, а банкаўскі рахунак Школьнікава ў Буэнас-Айрэсе быў актыўны да 1958. На ўсялякі выпадак, у маі 1950 года французскі суд завочна прыгаворвае Мендэля Школьнікава да смяротнага пакарання.

Заснавальнік Лас-Вегаса

Меер Ланскі — ураджэнец Гродна і адзін з самых вядомых мафіёзі свету.

Мэер — тады яшчэ не Ланскі, а Сухамлянскі — нарадзіўся ў 1902 годзе ў Гродне. У 1911 годзе, у веку 9 гадоў, разам з сям'ёй прыбыў у Нью-Ёрк на караблі «Курскъ». Цікава, што прозвішча Ланскі «прыдумаў» супрацоўнік іміграцыйнага ведамства — ён проста скараціў на свой густ складанае «Сухамлянскі».

Мэер вырас у галечы ніжняга Іст-Сайда, быў выхаваны вуліцай, пасябраваў з мясцовымі хуліганамі, а пасля і з бандытамі. У выніку ён стаў членам яўрэйскай мафіі Нью-Ёрка. Яго часам славы стаў перыяд «сухога закона» — Ланскі актыўна займаўся бутлегерствам, кантрабандна ўвозіў віскі і багацеў. Акрамя таго, яго галоўным партнёрам стаў вядомы мафіёзі Лакі Лучана.

Пазней, ужо ў пачатку 1930-х, Ланскі зразумеў, што залатая эра бутлегерства прайшла і трэба шукаць нешта новае. У 1933 годзе Ланскі засноўвае некалькі ігральных дамоў у Чыкага, Кліўлендзе і Дэтройце. Адна з першых падзей, якая ўмацоўвала ўплыў Ланскага і яго італьянскага сябра Лучана ў сферы ігральнага бізнесу, была іх сустрэча з кубінскім прэзідэнтам Рубенам Батыста.

Батыста ветліва прыняў амерыканскіх сяброў, але засумняваўся, што ў партнёраў хопіць грошай на развіццё ігральнага бізнэсу на Кубе. Не вагаючыся ні на хвіліну, Ланскі вываліў перад кубінскім лідарам шэсць мільёнаў даляраў.

Справа пайшла ўгару, ды так, што ўсё скончылася стварэннем горада-казіно Лас-Вегаса — сумесным праектам Ланскага, Лучана і яшчэ аднаго мафіёзі — Сігеля.

Меер Ланскі заўсёды падтрымліваў яўрэяў. 14 мая 1948 года, праз 11 хвілін пасля абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Ізраіля, Ланскі афіцыйна перавёў велізарную суму грошай на рахунак новай дзяржавы.

У далейшым, дарэчы, Ланскі дзясятую частку прыбытку ад сваіх казіно адпраўляў Ізраілю. Але не дапамагло — у 1970 годзе, калі Ланскі збег з ЗША ў Ізраіль (у Амерыцы яму пагражаў арышт і суд), Мееру адмовілі і ў грамадзянстве, і ў прытулку. Ланскага арыштавалі ў аэрапорце Рыа-дэ-Жанэйра, але ж у ЗША яго віну так і не даказалі.

Пашпарт Ланскага анулявалі, і ён страціў магчымасць выязджаць з ЗША. Ён ціха жыў на сваім ранча ў Маямі, дзе і сканаў у 1983 годзе.

Першы савецкі серыйны забойца

У 1877 годзе ў Віцебскай вобласці нарадзіўся Васіль Пятроў — першы савецкі серыйны забойца.

Пятроў нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і рабочага. Вядома, што ўся яго сям'я пакутавала на алкагалізм, і сам Васіль з 15 гадоў таксама пачаў піць. Ён служыў у арміі Расійскай Імперыі 4 гады па вайсковай павіннасці. Ва ўзросце 28 гадоў ажаніўся.

Падчас Руска-японскай вайны 1904—1905 гадоў Пятроў ездзіў на Далёкі Усход, дзе зарабіў вялікую суму грошай, аднак неўзабаве растраціў іх на падарожжы.

Тады ён уладкаваўся на васковы склад, які неўзабаве абрабаваў, за што і трапіў на год у турму. Пакуль Пятроў адбываў пакаранне, яго жонка памерла ад халеры. Пасля вызвалення Пятроў пасяліўся ў Рызе, дзе ў другі раз ажаніўся з полькай-удавой Соф'яй, у якой было двое дзяцей. Так і не пазбавіўшыся ад алкагалізму, Пятроў часта біў жонку і дзяцей. Падчас Першай сусветнай вайны Пятроў пераязджае на Паволжа, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўступае ў Чырвоную Армію, дзе даслужыцца да пасады ўзводнага камандзіра.

Падчас баявых дзеянняў ён трапіў у палон да Добраахвотніцкай арміі генерала Дзянікіна, але здолеў вызваліцца. Каб не патрапіць пад суд Ваенна-Рэвалюцыйнага трыбунала, Пятроў мяняе імя і становіцца Васілём Іванавічам Камаровым. Пасля грамадзянскай вайны, у 1920 годзе, Васіль Камароў пераязджае ў Маскву. Там ён працуе фурманам, але зарабляе ў тым ліку і крадзяжамі.

Камароў стаў забіваць у лютым 1921 года. Ён здзяйсняў усе злачынствы па адным сцэнары: знаёміўся з кліентам, які жадаў купіць той ці іншы тавар, прыводзіў у свой дом, паіў гарэлкай, затым забіваў ударамі малатка, часам душыў, а затым пакаваў цела ў мех і старанна хаваў. Казалі, што падчас забойства Камароў прамаўляў: «Раз — і квас!»

У 1921 годзе ён здзейсніў не менш за 17 забойстваў, у наступныя два гады — яшчэ не менш за 12 забойстваў, хоць сам ён прызнаўся пасля ў 33 забойствах.

Узімку 1922 годзе жонка Камарова даведалася пра забойствы, аднак паставілася да гэтага спакойна, больш за тое, удзельнічала ў апошніх з іх.

Але ж у 1923 годзе Пятрова-Камарова затрымалі. Ён запэўніваў, што матывам яго злачынстваў была карыслівасць, што забіваў ён толькі спекулянтаў, аднак усе яго забойствы прынеслі яму каля 30 даляраў па тагачасным курсе.

Забойца так і не раскаяўся ў злачынствах — ён казаў следчым, што гатовы забіваць яшчэ.

Судова-псіхіятрычная экспертыза прызнала мужчыну алкагольным дэгенератам і псіхапатам, але адэкватным. У тым жа 1923 годзе Пятрова-Камарова і яго жонку Соф’ю расстралялі.

Кілер з НКВД па мянушцы Дуглас

Сяргей Шпігельглас, які нарадзіўся ў Мастах пад Гроднам у 1897 годзе, зрабіў крывавую кар’еру ў НКВД, а пасля і сам стаў ахвярай сістэмы.

Шпігельглас нарадзіўся ў сям’і бухгалтара. Ён ведаў некалькі моваў, вучыўся ў Варшаўскай рэальнай вучэльні, пасля вывучаў юрыспрудэнцыю ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.

У 1917 годзе Шпігельгласа прызвалі ў армію, ён скончыў школу прапаршчыкаў, пасля рэвалюцыі працаваў у ЧК, займаўся задушэннем контррэвалюцыйных паўстанняў, удзельнічаў у карных аперацыях. Пасля працаваў у ЧК Беларусі, затым — у замежнай выведцы.

У 1930-х Шпігельглас працуе ў замежным аддзеле НКВД. Ён займаўся так званымі «літарнымі аперацыямі» — таемнымі забойствамі і выкраданнямі.

Неаднаразова і сам выконваў спецзаданні за мяжой (у Кітаі, Германіі, Францыі). Так, пад прыкрыццём, як уласнік рыбнай крамы, узначальваў нелегальную выведвальную сетку ў Парыжы.

Аператыўны псеўданім Сяргея Шпігельгласа — Дуглас.

За мяжой Дуглас адказваў за арганізацыю забойстваў збеглых агентаў НКВД, ён мае дачыненне да выкрадання ў Парыжы старшыні Рускага агульнавоінскага саюза генерала Яўгена Мілера. У маі 1937 года Шпігельглас арганізаваў забойства ў Ратэрдаме лідара ўкраінскіх нацыяналістаў Яўгена Канавальца.

Але ж 2 лістапада 1938 сам Сяргей Шпігельглас быў арыштаваны па абвінавачванні ў «супрацоўніцтве з замежнымі выведкамі і ўдзеле ў трацкісцкай змове ў НКВД». Яго прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання за «здраду Радзіме, удзел у змоўніцкай дзейнасці, шпіянаж і сувязь з ворагамі народа».

29 студзеня 1941 года Шпігельглас быў расстраляны на палігоне «Камунарка».

У 1956 годдзе — рэабілітаваны.

Віцебскі душыцель

Генадзь Міхасевіч з-пад Віцебска за сваё нядоўгае жыццё адправіў на той свет некалькі дзясяткаў жанчын.

Міхасевіч нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Іст Віцебскай вобласці. Як і большасць серыйных забойцаў, ён меў праблемы ў сям’і — бацька быў агрэсіўным алкаголікам.

Забіваць Міхасевіч пачаў праз тры дні пасля таго, як яго камісавалі з войска — у 1971 годзе ён задушыў першую жанчыну. Затым, за няпоўныя 15 гадоў, ён заб’е 36 жанчын.

Прычым Міхасевіч паспеў ажаніцца, завесці дзяцей. Знаёмыя характарызавалі яго як ціхага, руплівага чалавека, добрага бацьку.

А сам Міхасевіч тым часам завабліваў жанчын у свой чырвоны «Запарожац», прапаноўваючы пракаціцца, затым душыў іх шалікам.

Пакуль Генадзь Міхасевіч працягваў сваю дзейнасць, праваахоўнікі шукалі вінаватых па справе «віцебскага душыцеля». 14 чалавек нават прызналі вінаватымі ў тых ці іншых забойствах, сапраўдным аўтарам якіх быў Міхасевіч, і асудзілі — адзін нават быў расстраляны. Але забойствы працягваліся.

А Міхасевіч быў членам добраахвотнай народнай дружыны і сам удзельнічаў ва ўласных пошуках. Міліцыя ж шукала злачынца простым пераборам (было праверана некалькі тысяч чырвоных аўтамабіляў).

Сам Генадзь Міхасевіч вырашыў адвесці падазрэнні. Ён выдумаў арганізацыю «Патрыёты Віцебска», якая нібыта ўзяла на сябе адказнасць за злачынствы. Ад імя «патрыётаў» Міхасевіч адправіў некалькі лістоў у газеты, адну запіску пакінуў у роце наступнай ахвяры. Пасля чаго ў 1985 годзе яго і затрымалі — почырк подпісу на адной з квітанцый супаў з почыркам забойцы.

У 1987 годзе Генадзя Міхасевіча асудзілі да найвышэйшай меры. У 1988 годзе ён быў расстраляны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?