— Ёсць адчуванне, што гуманітарныя веды ў Беларусі цэняцца мала і прынагодна. Нашто вучыцца на гуманітарыя? Што гэта можа даць для кар’еры і асабістага развіцця?

— Гуманітарныя веды цэняцца мала не толькі ў Беларусі. Але менавіта за імі будучыня.

Вядомы філосаф Ханс Ульрых Гумбрэхт расказаў, што ў іх універсітэце, які знаходзіцца ў Сіліконавай даліне і мае найлепшы дэпартамент камп’ютарных навук у свеце, ствараюцца праграмы з падвойным major: з аднаго боку інфарматыка, а з другога — альбо філасофія, альбо літаратура.

І колькасць студэнтаў, што выбіраюць такую праграму, імкліва павялічваецца: яны хочуць вывучаць камп’ютар (пісаць код ці нешта вынаходзіць — яны вельмі прадуктыўныя ў навукова-тэхналагічным плане і зарабляюць вялікія грошы) і, у той жа час, у іх ёсць цікавасць да асаблівага роду мыслення, да складаных паняццяў, якія выводзяць іх да зусім новага экзістэнцыйнага досведу.

Філосаф Гаятры Чакраворці Співак трапна сказала, што гуманітарныя навукі — гэта сістэма аховы здароўя культуры, а гуманітарыі — персанальныя трэнеры ў спартзале розуму.

— Як гуманітарыю ісці ў нагу з часам і якім мусіць быць гуманітарый у сучасным свеце?

— Гуманітарый у сучасным свеце — гэта чалавек, які да ўсяго іншага валодае сучаснымі тэхналогіямі. Чалавек, здольны стварыць свой праект, а тым самым і працоўнае месца.

Вышэйшая адукацыя (а тым больш універсітэцкая) не павінны абмяжоўвацца трансляцыяй прафесійных ведаў. Універсітэт павінен вучыць крытычна і творча пераасэнсоўваць інфармацыю, улічваць гістарычны і сацыяльны кантэкст падзеі, а таксама даваць міждысцыплінарныя навыкі. Гэта тое, што запатрабавана на сучасным глабальным рынку.

На сёняшні дзень запатрабаванасць спецыялістаў-гуманітарыяў, якія здольныя працаваць у інфармацыйным асяроддзі, устойліва расце. І менавіта такі кірунак— «digital humanities», які развіваецца на сутыку гуманітарных навук і інфармацыйных тэхналогій — з’явіцца ў магістарскай праграме «Гістарычная і культурная спадчына» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Гэта новая сфера ў акадэмічным асяродку ў свеце і абсалютна новая для Беларусі.

Студэнты атрымаюць досвед стварэння кантэнту мабільных дадаткаў, віртуальных выстаў, віртуальнай рэканструкцыі аб’ектаў культурнай спадчыны, веды па алічбоўцы баз дадзеных музеяў, бібліятэк, архіваў…

— Ці не можа стаць так, што лічбавая спадчына падменіць сабой сапраўдную? І замест зберажэння рэальнага, якое абсыпаецца і знікае, мы будзем гуляцца з замкамі ў віртуальнай прасторы?

— Не. Прымяненне сучасных тэхналогій не азначае, што мы створым нейкі мульцік ці 3D-мадэль і паспрабуем падмяніць гэтым рэальныя аб’екты спадчыны. Проста аўдыторыя, якая карыстаецца лічбавай спадчынай, расце, таму растуць і патрабаванні да стварэння прадукта, яго якасці.

Пры стварэнні лічбавай версіі мы павінны разумець, што гэта не нейкі сурагат, але спосаб пашырыць наш кантакт з рэальнай спадчынай, з рэальным мінулым пры дапамозе лічбавых тэхналогій.

Бо лічбавыя тэхналогіі, з аднаго боку, узнікаюць у адказ на запатрабаванні грамадства, а з іншага боку — яны самі мяняюць грамадства. Культурная спадчына не існуе сама па сабе, яна існуе праз грамадства і дзеля грамадства. І калі мы працуем для гэтага грамадства, мы павінны быць сучаснымі і цікавымі для яго.

У Віленскім універсітэце на ўсіх праграмах, звязаных са спадчынай, выкладаюцца курсы па Digital Heritage, маюцца лабараторыі. З гэтага году вядомы літоўскі прафесар і спецыяліст-практык Рымвідас Лаўжыкас будзе чытаць на нашай праграме курс па Digital Heritage. Але сам ён падкрэслівае, што валоданне новымі тэхналогіямі не пазбаўляе нас ад неабходнасці быць спецыялістамі найперш у галіне спадчыны.

— Чым вывучэнне гістарычнай спадчыны можа быць цікавым для беларускіх школьнікаў, студэнтаў?

— Сапраўды, абітурыентам падаецца, што больш перспектыўным і цікавым накірункам з’яўляецца, напрыклад, турызм, а не спадчына. Але турызм — гэта пра тое, як дабрацца, як пажыць-паесці. У той час, як спадчына — якраз тое, дзеля чаго людзі і едуць некуды. Кіраваць спадчынай, прасоўваць нашую спадчыну, рабіць яе максімальна прывабнай і цікавай, рабіць яе галоўным турыстычным рэсурсам — тое, чаму мы вучым на праграме «Культурная спадчына і турызм».

Праграма выпускае спецыялістаў, якія валодаюць ведамі ў галіне спадчыны і здольныя прымяніць гэтыя веды на практыцы, у тым ліку ў сферы турызму. Нашы курсы — найперш натуральна, па ахове і інтэрпрэтацыі спадчыны, але таксама ёсць прадметы, звязаныя з развіццём навыкаў крэатыўнасці: прасоўванне культурнай спадчыны, выкарыстанне яе ў камерцыйнай сферы праз турызм. Сёння спецыялісту неабходна валодаць навыкамі манетызацыі спадчыны. Толькі з інвестыцыямі праект па ахове і інтэрпрэтацыі спадчыны будзе даўгавечны, трывалы і прынясе плён.

 

* * *

Абітурыенту, які хоча вывучаць гістарычную спадчыну і турызм у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, неабходна:

  1. Зарэгістравацца і запоўніць анкету (да якой прыкласці копіі дакументаў пра сярэднюю ці вышэйшую адукацыю);
  2. Для абітурыентаў завочнага бакалаўрыяту — прайсці сумоўе, для абітурыентаў магістратуры — падрыхтаваць даследчы праект па цікавай Вам тэме, напісаць анлайн-тэст па англійскай мове і прайсці сумоўе.

Дакументы ў завочны бакалаўрыят і магістратуру ЕГУ прымаюцца да 5 ліпеня.

Сёлета ўпершыню вылучаныя бясплатныя месцы не толькі ў магістратуры, але і на завочным (дыстанцыйным) аддзяленні бакалаўрыяту.

Бясплатныя месцы і зніжкі на навучанне будуць размеркаваныя ў залежнасці ад вынікаў іспытаў і сярэдняга бала атэстата / дыплома. Бясплатныя месцы і зніжкі залежаць ад паспяховасці студэнта і пераразмяркоўваюцца штосеместр. Таксама студэнты ЕГУ могуць падаваць заяўкі і атрымліваць стыпендыі ад універсітэта і яго партнёраў.

Ірына Раманава

гісторык, кандыдат гістарычных навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Займаецца гісторыяй Беларусі ХХ ст., спецыялізуецца на ўзаемаадносінах грамадства і савецкай улады, а таксама гісторыі штодзённасці, вуснай гісторыі. Жыве ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?