Мядзельская Кальварыя знаходзіцца на ўскраіне гораду Мядзел Менскай вобласьці, абапал аўтатрасы Мядзел—Паставы (праз Чарняты). Гэта гістарычнае месца пакланеньня вернікаў.

Кальварыя ўнікальная
тым, што такога тыпу пабудоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі няма. Сёньня маем парэшткі 18-ці каменна-цагляных каплічак, месцазнаходжаньне якіх абазначаюць драўляныя крыжы.
Два разы на год (у ліпені і верасьні) вернікі Мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай ушаноўваюць гэтыя сьвятыя мясьціны шматлюднай працэсіяй і набажэнствамі. Агульная працягласьць Крыжовай Дарогі 2 км.

Гісторыя Мядзельскай Кальварыі сягае ў 1772 год. У тыя гады складалася яна з 21 каплiцы i 8 брамаў, разьмешчаных па палях, паблiзу касьцёла i ў рынку мястэчка. Кальварыя задумана i пабудавана паводле пляна Дарогi Крыжовай у Ерусалiме. З густам разьмешчаны каплiцы рознага кшталту, збудаваныя з дрэва на каменных падмурках, разьмешчаны былi абразы i фiгуры драўляныя. Асьвяціў Кальварыю бiскуп Фэлiкс Тавянскi -- суфраган беларускi, 8 жнiўня 1772 г. Цырымонiя гэта цягнулася 4 днi. Праз цэлы час запрошаных гасьцей частавалi гаспадары Кошчыцы. У 1866 годзе парафія была перададзеная праваслаўнаму духавенству. Кальварыя нейкі час была занядбаная.

У 1927--29 г. Мядзельская Кальварыя пачала адбудоўвацца са стацыямі Пана Езуса і Маці Божай. Айцец Браніслаў Ярасінскі быў ініцыятарам гэтай падзеі. У тыя часы даўнюю тэрыторыю Кальварыі займаў Генрых Козел-Паклеўскі, жыхар Старога Мядзела. Пад капліцу вызначыў ён плошчу 7 м у шырыню (якую потым пашырыў да 9 м) на іншым месцы, больш разнастайным пад назовам «Гуркі». З дапамогай мясцовых жыхароў а.Браніслаў устанавіў месца для капліц, гледзячы на плян Кальварыі Зэбжыдоўскай. У адзначаных месцах залажыў крыжы. Стацыю дарогі Крыжовай адкрыў і пасьвяціў кс.-бп. Уладзіслаў Бандурскі на Зялёныя Сьвяткі 27 траўня 1928 г. Пасьля сьмерці Генрыка Козела-Паклеўскага кармеліты купілі ад Валатковіча 50 га зямлі пад Кальварыю за грошы, атрыманыя ад продажу фальварку Некасецк. У 1933--1938 г. стараньнем а.Ігнацыя Быліцы пабудавана 15 капліц з цэглы, каменьня, пакрытых бляхай. У летні час Кальварыя напаўнялася пілігрымамі, якія карысталіся духоўнай паслугай законьнікаў. Далейшую работу па рамонце Кальварыі перарвала другая сусьветная вайна. 2 лістапада 1942 г. Кальварыя, якая налічвала каля 40 капліц, практычна была разабрана і зьнішчана.

«Кальварыя духоўнасьці і змаганьня за Беларусь» — назва экскурсійнага маршруту, які мы прапануем і які мусіць быць такім:

-касьцёл Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел;

-Мядзельская Кальварыя;

- в.Нарач(Кабыльнік): касьцёл сьвятога Андрэя, царква. У гэтай вёсцы ў 1948--1950 г. пад кіраўніцтвам Расьціслава Лапіцкага дзейнічала антысавецкае мядзельска-смаргонскае падпольле;

- в. Чэхі (на ўездзе ў вёску агульнахрысьціянскі Крыж ручной работы вядомага мастака А.Цыркунова);

- в. Каралінова Пастаўскага раёна (помнік на вясковых могілках Фларыяну Даноўскаму — удзельніку паўстаньня К. Каліноўскага і сядзіба мастака Альфрэда Ромэра);

- касьцёл у в.Камаі (там ёсць абраз «Ісус і сірата» работы мастака А. Ромэра і гэта месца працы ксяндза Казіміра Сваяка — змагара за беларускасьць).

Дзякуючы гэтаму маршруту, людзі даведаюцца пра герояў, якія жылі дзеля Беларусі і прайшлі сваёй пакутнай Крыжовай Дарогай. Мы лічым, што трэба дзейнічаць так. Па-першае, значную долю дзейнасьці накіраваць на гістарычнае даследаваньне і распаўсюд інфармацыі пра Кальварыю. Па-другое, дамагчыся заліку яе ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Па-трэцяе, як мага хутчэй аднавіць капліцы ( магчыма зрабіць скульптуры сьвятых, комплексы « духоўны скарб»), каб пачаў дзейнічаць экскурсійны маршрут. Але таксама трэба прызначыць людзей, адказных за Кальварыю, бо маем прыклад: раней не было адказных за гэты аб’ект, і цяпер вельмі цяжка здабыць інфармацыю пра Кальварыю. Гэта першы этап аднаўленьня Кальварыі, які заканчваецца аднаўленьнем капліц. У другім асноўнае турызм, які складаецца з трох плыняў:

• экскурсійны маршрут

• пілігрымкі

• летнік для дзяцей, бо побач возера Рудакова і ёсьць пабудовы.

Першыя дзьве будуць даваць прыбытак, які будзе накіроўвацца на своечасовы рамонт крыжоў, капліц.

Пілігрымка і летнік будуць ладзіцца пры падтрымцы касьцёльных уладаў. Летнік можна зрабіць па прынцыпу Parafiada ў Польшчы.
Гэтыя два мерапрыемствы будуць прыцягваць да Кальварыі людзей. І Мядзельская Кальварыя ў нейкай ступені зьменіць іх жыцьцё , дапаможа адчуць сьвятасьць гэтага месца, як гэта адчувалі пілігрымы два стагодзьдзі таму.

Мы мусім і далей працягваць ахвяроўвацца Богу дзеля таго, каб нашыя гістарычныя мясьціны не былі забытыя зь цягам часу. Мы любім нашу гісторыю і паважаем яе. Мы будзем аднаўляць Кальварыю і спадзяёмся што ў хуткім часе яна стане не менш вядомым духоўным цэнтрам Беларусі, як, напрыклад, Будслаў, Гудагай і іншыя сьвятыні нашай краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?