Давайце, паважаныя сябры, на некалькі хвілін адарвёмся ад штодзённасці, фінансавых праблем, сямейных турбот і перанясёмся думкамі ў сферу духоўную ды паразважаем пра мову — беларускую.

«Ну-у, пачалося, — скажа хтосьці. — Быццам ад гэтага залежыць кошт каўбасы або плата за камунальныя паслугі!» Я не стаўлю мэты пераканаць тых, хто прытрымліваецца такога меркавання, у адваротным. А таму, хто хоць у чым-небудзь пагодзіцца са мной і прыме да ўвагі, буду рада.

Напачатку некалькі слоў пра мову рускую. Я яе вельмі паважаю і пры неабходнасці карыстаюся. Пушкіна, Ясеніна ні ў якім разе на беларускай мове чытаць не буду. Руская мова таксама дзяржаўная, штодзённая, для многіх ашмянцаў родная. І сваімі меркаваннямі я ніколькі не хачу яе пакрыўдзіць. Я толькі хачу сказаць слова пра далейшы лёс беларускай мовы. Гэтае пытанне ставілася і падчас Вялікай размовы з прэзідэнтам. Значыць, праблема існуе, і заплюшчваць вочы, што ўсё нармальна, няправільна.

Возьмем некалькі эпізодаў з гісторыі. ХІХ стагоддзе. Вось ён — пералік ахвяр беларускага слова, пакутлівы і жахлівы.

Паўлюк Багрым — у 14 год здадзены ў рэкруты, сшытак з яго вершамі канфіскаваны.

Аляксандр Рыпінскі — у царскай імперыі яго творы былі забаронены, вымушаны быў эмігрыраваць.

Уладзіслаў Сыракомля — жыў пад наглядам паліцыі, памёр ва ўмовах хатняга арышту.

Ян Чачот — за ўдзел у тайных віленскіх літаратурных арганізацыях сасланы ва Уфу.

Адам Гурыновіч — за распаўсюджванне кніг кінуты ў змрочны каземат Петрапаўлаўскай крэпасці, дзе памёр у 25 год.

Францішак Багушэвіч — «мужыцкі» адвакат і паэт вымушаны быў хавацца 20 год ва Украіне.

Спіс гэты яшчэ можна працягваць.

ХХ стагоддзе. К.Чорны, У.Дубоўка, Ц.Гартны, П.Трус, М.Чарот, М.Гарэцкі, С.Грахоўскі, П.Пруднікаў (пералік вельмі вялікі, амаль усе члены літаратурнага саюза Беларусі) прайшлі праз прэс сталінскіх рэпрэсій як нацыяналісты і ворагі народа. Турмы, гулагі, псіхбальніцы. Але купалаўскае «людзьмі звацца» не дазволіла зламаць іх волю і годнасць.

А цяпер пра сённяшняе, ХХІ стагоддзе. Нікому не трэба ахвяраваць сваім жыццём за нацыянальную годнасць. У нас усё маецца для развіцця і ўжывання нашай мовы.

Яна — дзяржаўная: выказвайся, пішы, чытай, друкуй, вучыся. Ніхто не перашкаджае. Але мова наша гіне, знікае на вачах. Гэта факт.

Пакаленне, якое нарадзілася ў 50-я, 60-я гады, шчыра прызнавала, што беларуская мова — гэта родная, па-сапраўднаму матчына мова.

Цытавалі ад сэрца, не крывячы душой: «О матчына мова! Маленства вясна!» (А.Бачыла), «Матчына нявыцвілае слова, даўжнікі мы вечныя твае…» (Г.Бураўкін), «Сёння матчынай мовы, а заўтра засаромішся маці самой?» (Н.Гілевіч). Гэтым крылатым выразам пара ў архіў?

Памятаю, калі мне патрэбна было зрабіць пераклад з рускай мовы на беларускую ці напісаць творчую работу, успамінала: «Як жа мама гэта гаварыла?

Як гэта дома казалі? У вёсцы?» Чытаю «скучать», «завидный», «одеться» — і ўзгадваецца мама: «Што так замаркоцілася? Мачыха зайздросная была; апраніся цяплей». Мама была слоўнікам беларускай мовы. А такія словы, як «сирень», «жасмин», «маргаритки», «анютины глазки», «земляника», «клюква», увогуле ніякіх цяжкасцей не выклікалі. Бо пахлі пад акном бэз і язмін, цвілі ў агародчыку стакроткі і браткі, у лесе спелі суніцы, ішлі на балота па журавіны. Проста і зручна было карыстацца сваімі назвамі. І нічога дзіўнага. Мы ж беларусы!

На жаль, сённяшнія вучні і студэнты далёка не ўсе ўзгадаюць маму, перекладваючы нават словы штодзённага ўжытку.

Будуць шукаць у слоўніку. Бо іх мама насіла не спадніцу, а «юбку», адзявала не шкарпэткі, а «носки», купляла новае «платье», а не сукенку, выцірала рукі «полотенцем», а не ручніком.

На пачатку 2000-х наша сельская школа «абнавілася» маладымі настаўнікамі, старэйшыя пайшлі на пенсію.

Літаральна праз два месяцы, ідучы каля школы, сустрэла дзяцей. І вучні, бегучы, адзін за адным віталіся: «Здрасце, здрасце…». Я была ашаломлена. За два месяцы роднае «добры дзень» знікла. Вядома ж, не было ўжо ні «дзякуй», ні «да пабачэння». Не, я не супраць рускага, вельмі прыемнага «здравствуйте», што значыць «здравия желаю», ці не менш змястоўнага «спасибо» — «спаси Бог». Гэта цудоўныя, сапраўды, чароўныя словы! Але я пра тое, як хутка можна выкрасліць сваё, матчына. Гэтыя дзеткі яшчэ нядаўна віталіся, дзякавалі так, як усе рабілі ў вёсцы, як чулі ад бацькоў, суседзяў, настаўнікаў. Перавучыліся!У адзін мах!

Згадзіцеся, многае залежыць ад школы!

Не трэба плакаць, што мала гадзін адведзена на ўрокі роднай мовы, гэта дарэмная трата часу. Так заўсёды было, яшчэ з польскіх часоў. Ёсць гурткі, факультатывы, выхаваўчыя гадзіны. А самае галоўнае, ёсць настаўнік.

Настаўнік павінен быць патрыётам свайго прадмета і Радзімы. Ён — факел роднага слова! Бо ён прызваны весці за сабой не толькі вучняў, але і калег сваіх, бацькоў. Нават у рускамоўнай школе, калі настаўнік роднай мовы там працуе з энтузіязмам, адчуваеш беларускі водар. У нашым раёне такія настаўнікі заўсёды былі і, думаю, сёння ёсць.

Ад нас вельмі многае залежыць. Ад школы, ад садка, ад сям’і. Дарэчы, пра садок. Давялося, дзякуй Богу, пацешыцца за садок № 7 г. Ашмяны, дзе выхоўваюцца мае ўнукі. «Бабуля, чацвер у нашым садку — дзень беларускай мовы. Мы размаўляем па-беларуску, — дзеліцца навіной унук. — Мы кажам «дзякуй», «да пабачэння», «смачна есці», нам чытаюць кніжкі на беларускай мове». Вось як! З захапленнем паглядзела відэазапіс іх мерапрыемства на беларуская мове, дзе дзеткі ў нацыянальных касцюмах танцуюць, спяваюць, дэкламуюць вершыкі. І выконваюць Гімн Рэспублікі Беларусь. «Мой тата — беларус, мама — беларуска, сястрычка — беларуска, я таксама беларус. І я жыву ў Беларусі», — прасвятляе бабулю пяцігадовы ўнучак. І я гатова сто разоў падзякаваць той выхавацельцы, якая дапамагае рабіць першыя крокі да беларускасці сваім маленькім выхаванцам і вядзе іх, пакуль што вузенькай, але вернай сцяжынкай у Беларусь.

А трохгадовая ўнучка з таго ж садка, каб залагодзіць бабулю і атрымаць забароненую лішнюю цукерку, даймае сваім мілым галасочкам: «Ну, калі ла-а-ска!» Я з радасцю называю яе «Каліласачка ты мая». А як чулліва яна прамаўляе на беларускай мове малітву, дзе просіць анёла-ахоўніка навучыць «любіць Бога, маму, тату і родную хату». Гэтай малітве яе навучыла маці.

Любіце саміх сябе, свае карані, мову, на якой выказвалі свае думкі вашы продкі, шанавалі яе і па-святому ставіліся да ўсяго свайго: традыцый, звычаяў, культуры, рэлігіі. Як гаварыла ў свой час пісьменніца Цётка: «Майце смеласць усюды голасна сказаць па-свойму». Не саромейцеся свайго слова. Добрая думка і на беларускай мове занатуецца любым слухачом. Ці будуць нашы ўнукі-беларусы ведаць, што такое, абрус засланы, фіранкі завешаны, падлога вымыта, снеданне смачнае, кубак сырадою, — залежыць менавіта ад нас.

Я вельмі спадзяюся не толькі на настаўнікаў, выхавацеляў, але і на бацькоў. Яны часта скардзяцца (а можа, ганарацца?), што не ўмець чытаць па-беларуску, маўляў, цяжка і незразумела. Трэба выпраўляць гэта непаразуменне, пакуль зусім не стала позна.

Хочацца, каб маладыя таты і мамы, асабліва родам з вёсак, не камплексавалі наконт сваёй мовы, не лічылі, што яна перашкаджае іх дзецям быць граматнымі, у тым ліку ў рускай мове. Гэта няпраўда. Абедзве мовы, асабліва беларуская, дапамогуць вывучыць (або хаця б зразумець) і польскую, і чэшскую, і ўкраінскую…

Дык дазвольце дзецям стаць багацейшымі, чым самі. Няхай вучаць, ведаюць, размаўляюць, любяць сваю мову, няхай растуць беларусамі. І ганарацца гэтым, а разам з імі і мы, дзядулі і бабулі. Пастараемся разам, каб не зніклі канчаткова нашы «звонкае «дзе» і густое «чаго».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?