Свабода паставіла перад Казуліным шэраг няпростых пытаньняў. У турме, як і на вайне, усё спрашчаецца да чорна-белай схемы. Воля ж, з аднаго боку, адчыняе новы абсяг, але, зь іншага боку, тоіць шмат пастак.

Імідж Казуліна-тэрмінатара быў заточаны пад кароткую, бурлівую прэзыдэнцкую кампанію (якая, звыш таго, давала гарантыі галоснасьці — тыя тэлевыступы народ памятае дасюль). Турма яшчэ выразьней акрэсьліла арэол героя-змагара-пакутніка (без усялякай іроніі, гэта былі мужныя, годныя паводзіны).

"Але зараз гэтага п'едэсталу ўжо ня будзе", — зазначае мой суразмоўца — палітоляг Валер Карбалевіч. На яго думку, зараз Казулін мусіць даводзіць, наколькі ён падрыхтаваны да штодзённай руціннай працы апазіцыйнага дзеяча, наколькі гатовы да генэрацыі моцных ідэй, ініцыятыў.

У Беларусі ж калі няма выбараў, фактычна няма і палітыкі. Праседжваньне штаноў на палітрадах рэйтынгу не дадасьць. Звыш таго, яшчэ вялікае пытаньне, наколькі лідэрскія амбіцыі Казуліна ўпісваюцца ў цяперашнюю гіерархію ды сцэнары тытульнай апазыцыі. Пакуль што доўжыцца фаза ўзаемных рэвэрансаў, але потым надыдзе час высьвятленьня, хто ёсьць хто.

Відавочна, што абедзьве апазыцыйныя фігуры выбараў-2006 — Казулін і Мілінкевіч, пры тым што і па сёньня з усяе апазыцыйнай эліты толькі яны маюць рэйтынгі вышэйшыя за статыстычную памылку, так ці іначай апынуліся адсунутымі вярхоўкай кааліцыі на ўзбочыну. Мілінкевіча летась на кангрэсе пазбавілі тытулу "першага сярод роўных", Казуліна зрабілі ганаровым старшынём БСДП, што ён, натуральна, разглядае як зьдзек.

Зь іншага боку, толькі партыі маюць хоць нейкія структуры, актыў — тых самых "індзейцаў", безь якіх правадыры як бяз рук. Хто зьбярэ подпісы, раскідае ўлёткі і г.д.? Так ці іначай Казуліну давядзецца шукаць паразуменьня, нейкай кааліцыйнай згоды. У апазыцыйным лягеры мэтадамі тэрмінатара стасункі лепей не высьвятляць. Як будзе пачувацца палітык з іміджам бескампраміснага барацьбіта на пакручастай сьцежцы пошуку кампрамісаў?

Што ж да генэрацыі ідэй, то прэсавую канфэрэнцыю 20 жніўня сэнсацыйнай не назавеш. Напрыклад, заява, што, з аднаго боку, байкот парлямэнцкіх выбараў адразу ёсьць утопіяй, а зь іншага — "калі Лукашэнка не стрымае забавязаньняў", то па выніках кампаніі трэба клікаць народ на плошчу, выклікае шмат пытаньняў.

Якія забавязаньні маюцца на ўвазе? І чаго яшчэ чакаць, калі, на думку палітыка, сьпіс дэпутатаў ужо складзены? Нарэшце, хіба не зразумела, што зладзіць Плошчу зь вялікай літары ў верасьні не атрымаецца ў любым выпадку? Чаму — гэта асобная тэма.

Вось вам і калізія. Казаць, што Плошчы ў верасьні ня будзе, змагару-тэрмінатару, канечне ж, не пасуе. Але ж і палымяныя заклікі да вулічнай барацьбы, не падмацаваныя цьвярозым аналізам сытуацыі, рэалістычнай стратэгіяй, дэвальвуюцца.

"Я сёньня ніхто. І гэта вельмі прыемна. Я нуль, ці кола. А гэта адначасова і пустата, і ўсё", — так мэтафарычна абмаляваў Аляксандар Казулін свой новы статус.

Сапраўды, зараз і яго, і апазыцыйную кааліцыю чакаюць, як модна казаць, новыя выклікі. У беларускіх умовах і яркі палітык можа хутка згаснуць, загрузнуць у багне апазыцыйнай тусоўкі, фактычна пазбаўленай магчымасьці займацца рэальнай палітыкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?