У кіданьні молата і штурханьні сярпа... прабачце, ядра, ды яшчэ ў жанчынаў, беларусаў пераўзысьці пакуль цяжка. Другую залатую (а агулам — 13-ю) ўзнагароду ў скарбонку нашай каманды прынесла ў сераду Аксана Мянькова. Яна паказала вынік 76.34 м.
Свой найлепшы кідок Аксана паказала ў пятай спробе, усталяваўшы новы алімпійскі рэкорд. Срэбра дасталося кубінцы Іпсі Марэна (75.20 м), бронза ў кітаянкі Джан Веньсю (74.32 м). Яшчэ адна беларуска Дар'я Пчэльнік засталася ў кроку ад п'едэсталу, яна чацьвёртая.
Аксана была лідэрам сэзону, але на яе мэдаль, тым больш залаты, ніхто не разьлічваў. Яшчэ тая сэнсацыя! І якая прыемная!
Старая непаліткарэктная прыказка казала «Вучы бабу молатам, будзе баба золатам». А тут вось — баба сама молатам здабывае золата.
Віншуем пераможцу!
У сераду таксама беларускі барэц вольнага стылю Мурад Гайдараў стаў бронзавым прызёрам Алімпіяды-2008. У баруканьні за бронзу ў вагавай катэгорыі 74 кг Гайдараў перамог прадстаўніка Румыніі Геаргіта Штэфана.
Прапануем вашай увазе відэа пераможнага штуршка Аксаны Мяньковай. Італьянскі камэнтар ды музыка дадаюць яму асаблівага драматычнага калярыту. Заўвага: відэа выстаўленае італьянскімі заўзятарамі, таму спачатку ідзе выступ канкурэнткі Аксаны Клярысы Клярэці, а сам пераможны штуршок Аксаны Мяньковай можна пабачыць пачынаючы ад 2 хвіліны 15 сэкунды відэа: