У сваім фэйсбуку старшыня БНФ Аляксей Янукевіч апублікаваў відэа з рэпетыцыі авіяпарада, які, па словах палітыка, «не псуе асфальт і не перашкаджае дарожнаму руху». У каментарах яго патроліў журналіст Арцём Шрайбман: «Рубрыка ШОК. Лідар БНФ падтрымаў набыццё расійскай ваеннай тэхнікі». «Беларускі партызан» спытаў у Аляксея Янукевіча, навошта патрэбен культ мілітарызму і якая наогул карысць ад гэтых парадаў?
— Каму і што дэманструюць мірныя беларусы?
— Я як дзяржаўнік лічу, што Узброеныя сілы Беларусі з'яўляюцца надзвычай важным складальнікам беларускай незалежнасці. Таму іх трэба ўмацоўваць. Парад у мірны час — гэта адзін з асноўных і найбольш відовішчных спосабаў дэманстрацыі патэнцыялу ўласных узброеных сіл. Асабліва авіяцыйны парад, які не цягне за сабой ніякіх нязручнасцяў для людзей. Магчыма, шум камусьці не падабаецца. Аднак я перакананы, што іх варта праводзіць. Але і наземны парад, калі нармальна падысці да яго арганізацыі, важны і патрэбны. Менавіта як дэманстрацыя патэнцыялу і сіл уласнага войска. Я ведаю, што многія ваенныя аташэ, нават якія працуюць на некалькі краін, абавязкова прыязджаюць на вайсковыя парады ў Мінск. Яны бачаць, аналізуюць. Важна, каб яны разумелі патэнцыял і тое, што наша краіна надае ўвагу сучаснасці і баяздольнасці арміі.
Парады важныя таксама для суайчыннікаў, каб яны ганарыліся і давяралі сваёй арміі. Дэманстрацыя абараназдольнасці арміі таксама працуе на фарміраванне нацыянальнай свядомасці і ўзмацненне патрыятызму, што асабліва важна для Беларусі сёння.
— Ды мы ж хвалімся і расійскімі самалётамі? А БНФ выступае супраць расійскай арміі ў Беларусі. Выходзіць, мы набываем тэхніку ў патэнцыйнага агрэсара, як называюць Расею нацыянальна арыентаваныя сілы.
— У нашым рэгіёне, гэта тычыцца і Беларусі, небяспека ваеннай агрэсіі ў першую чаргу зыходзіць ад Расеі. Так, тэхніка, якая дэманструецца, яна альбо дасталася нам у спадчыну ад СССР, альбо наўпрост набытая ў Расіі. Хоць ёсць і выключэнні — выдатная ўласная распрацоўка «Паланэз».
Што тычыцца старой савецкай тэхнікі, то яе вельмі глыбока мадэрнізавалі. Фактычна гэта новыя ўзоры ўзбраення. Навуковы і інжынерны патэнцыял Беларусі вельмі добра праяўляецца. Беларускай мадэрнізацыяй тэхнікі да сучасных узораў мы можам ганарыцца. На гэтым мы можам зарабляць, ужо зарабляем і павінны зарабляць у будучыні.
З нагоды найноўшых верталётаў, якія нядаўна купілі ў Расіі, альбо вучэбна-баявых самалётаў, то мы можам іх выкарыстаць па сваім рашэнні ў любой сітуацыі, калі гэта будзе неабходна. У кароткатэрміновай перспектыве — гэта больш пазітыўны крок беларускіх уладаў, чым размяшчаць у краіне расійскія часці з іх самалётамі і верталётамі. Лепш мець сваё.
Стратэгічна мы выступаем за больш цеснае супрацоўніцтва з НАТА. Мы адзіная партыя ў Беларусі, якая выступае за ўваходжанне Беларусі ў Альянс і пераарыентацыю на стандарты НАТА ў ваеннай сферы.
«Хочаш міру — рыхтуйся да вайны»
Праціўнікі дэманстрацыі вайсковага патэнцыялу ў форме парадаў прапануюць перанакіраваць выдаткі на больш патрэбныя рэчы, напрыклад, на медыцыну. Аляксей Янукевіч на гэта адказвае дзвюма цытатамі:
— Яшчэ старажытныя рымляне казалі: «Хочаш міру — рыхтуйся да вайны». І гэта працавала 2 тысячы гадоў таму і працуе цяпер, застаецца актуальным. Таксама ёсць трапны выраз: «Калі шкадуеш сродкі на тое, каб карміць сваю армію, — будзеш карміць чужую». Безумоўна, нам патрэбна баяздольная армія. На гэта трэба выдаткоўваць грошы.
— Што думаеце пра пакланенне культу вайны з маленства і пра дзяцей у форме чырвонаармейцаў?
— Трэба ўмець праводзіць розніцу паміж тупым усхваленнем савецкай спадчыны, накіраваным на ўзмацненне расійскіх і імперыялістычных ілюзій і мар, і павагай да ваеннай справы і вайскоўцаў. Дух саветчыны і культ савецкай Чырвонай Арміі, які цяпер па інерцыі з Расіі пераймаюць у тым ліку і беларускія вайскоўцы, цягнуць нас назад. Вось ад гэтага трэба адмаўляцца неадкладна. Гэта шкодна і нездарова.
Але сваё войска трэба паважаць. Заўсёды будуць дрэнныя хлопцы, трэба, каб добрыя былі гатовыя даць ім адпор.
— Добрае і дрэннае ў нас, на жаль, вызначаюць людзі пры ўладзе…
— Гэтае пытанне тычыцца змены ўлады, а не арміі.
Па словах Аляксея Янукевіча, дэмакратычныя краіны таксама культывуюць павагу і аўтарытэт да ўласных узброеных сілаў. Некаторыя праводзяць авіяцыйныя і наземныя парады, некаторыя здымаюць прома-ролікі і дакументальныя фільмы — «што патрабуе, па вялікім рахунку, большых фінансаў», адзначае палітык.
— Парады — гэта не толькі савецкая ці камуністычная спадчына. Вайсковыя парады — гістарычная форма. Іншая справа, сама арганізацыя і падрыхтоўка да іх — яе трэба перагледзець у Беларусі. Ёсць каласальнае поле для ўдасканаленняў. Але сам парад, як дэманстрацыя вайсковых магутнасцяў і інжынернай думкі, — гэта актуальна і важна. Лічу, што ўсё гэта трэба незалежнай Беларусі.