21.08.2008 / 08:57

Шклоў аказаўся старэйшы, чым многія думалі 4

Гэта выявілі раскопкі пад кіраўніцтвам Ігара Марзалюка.

Па выніках раскопак каля вёскі Стары Шклоў у Шклоўскім раёне горад Шклоў можа «пастарэць» на 400 гадоў, лічыць загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя Аркадзя Куляшова доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк.

Шклоў узнік і пэўны час існаваў спачатку на месцы сучаснай вёскі Стары Шклоў, потым на тэрыторыі цяперашняй вёскі Рыжкавічы. У пісьмовых крыніцах Шклоў упершыню ўзгадваецца дыпламатам Святарнай Рымскай імперыі Сігізмундам фон Герберштэйнам пад 1526 годам.

У рамках летняй комплекснай экспедыцыі 2008 года з удзелам студэнтаў ВНУ і навуковых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзілася археалагічнае даследаванне абарончых збудаванняў Старога Шклова. «У выніку можна зрабіць выснову, што замкавым умацаванням у Старым Шклове папярэднічала гарадзішча (старажытнае ўмацаванае пасяленне) V—VII стагоддзяў нашай эры», — паведаміў археолаг.

Паводле яго слоў, ад агароджанага звычайным драўляным плотам пасялення, дзе жылі прадстаўнікі калочынскай археалагічнай культуры плямёнаў жалезнага веку, Стары Шклоў прайшоў шлях да замка з магутнымі драўняна-землянымі ўмацаваннямі ў другой палове X стагоддзя, сказаў вучоны.

Радыевугляродны аналіз попелу з рытуальных вогнішчаў каля аснавання абарончага вала дапаможа ўстанавіць дакладную дату заснавання Старога Шклова, зазначыў І. Марзалюк. Сярод найбольш цікавых археалагічных знаходак гэтага сезона ён назваў наканечнікі стрэл IX—X стагоддзяў, рэшткі сцен жылых будынкаў XV — першай паловы XVI стагоддзяў з фрагментамі печы з гаршчковай кафляй, донцы якіх кляймёныя гербам Полацкага княства і гербам канцлера Вялікага княства Літоўскага, уладальніка Старога Шклова Альбрэхта Гаштольда.

Марат Гаравы, БелаПАН

0
bL8dy_R8ts / Адказаць
21.08.2008 / 10:38
ну гэта ж Ігар Марзалюк. Не здзіўлюся, калі ён возьме і дакажа, што Лукашэнка паходзіць зь якой-небудзь шляхецкай дынастыі. Русафіл.
0
Магілёвец / Адказаць
21.08.2008 / 12:28
2bL8dy_R8ts Рукі прэч ад Марзалюка! Гэта наш самы пантовы пацан. такіх археолагаў у Беларусі больш няма!!! Даеш Шклову 1000-годдзе! А Магілёву 2000!!!!!!!!!!!
0
Барадзед / Адказаць
21.08.2008 / 16:30
Не, ён канешне не русафіл. Проста жадае папулярнасьці й знакамітасьці, таму і Магілёву, і Шклову хоча "дабавіць" веку, але першаснае тут: яго асабісты цынізм ды пачуццё недастатковасьці. Нажаль прыстасаванец: чытаў нам верш А. Сыса, а праз нейкі час Лукашэнку сустракаў, падарунак яму рабіў. Былы студэнт.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру