Саудаўская Аравія і тры іншыя арабскія краіны працягнулі на 48 гадзін канчатковы тэрмін, у які ад Катара патрабуюць выканаць шэраг патрабаванняў. У іншым выпадку краіне пагражаюць дадатковымі санкцыямі, паведамляе ВВС.

Пачатковы гранічны тэрмін, да якога Катар меў пагадзіцца на 13 патрабаванняў, у тым ліку на закрыццё канала «Аль-Джазіра», сканчаецца ў нядзелю.

Сам Катар заявіў, што дасць афіцыйны адказ ў лісце, які ў панядзелак даставяць у Кувейт.

У панядзелак міністр замежных спраў краіны наведае Кувейт, каб перадаць ліст. Кувейт з'яўляецца галоўным пасярэднікам у крызісе ў Персідскім заліве.

Раней кіраўнік МЗС Катара Шэйх Мухамед бін Абдулрахман бін Джасім Аль-Тані заявіў, што яго краіна адхіліла вылучаныя патрабаванні, але гатовая пачаць дыялог.

Ужо некалькі тыдняў краіна жыве ва ўмовах нябачаных дыпламатычных і эканамічных санкцый з боку Саудаўскай Аравіі і яе саюзнікаў - Егіпта, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) і Бахрэйна.

23 чэрвеня чатыры краіны ўсталявалі для Катара 10-дзённы тэрмін, за які ён павінен быў пагадзіцца на іх патрабаванні. Сярод іх - закрыццё турэцкай ваеннай базы і спыненне дыпламатычных адносін з Іранам.

Уведзеныя абмежаванні выклікалі нестабільнасьць у Катары, багатай нафтай і газам краіне, якая, зрэшты, шмат у чым залежыць ад імпарту, каб задаволіць асноўныя патрэбы свайго 2,7-мільённага насельніцтва.

Цяпер Іран і Турцыя пастаўляюць туды ўсё больш харчавання і іншых тавараў.

Саудаўская Аравія, Егіпет, ААЭ і Бахрэйн абвінавачвалі Катар у тым, што ён падтрымлівае іх праціўнікаў, у тым ліку ісламісцкія палітычныя рухі - такія як «Браты-мусульмане» і дае ім платформу для заяў на сваім спадарожнікавым канале «Аль-Джазіра».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0