04.07.2017 / 11:51

Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі павінен быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці — ФОТАДАКУМЕНТ 25

Піша гісторык Аляксандр Кур'яновіч.

У фондах Нацыянальнага архіва захоўваецца арыгінал дакумента, які, без перабольшвання, заклаў падмурак незалежнай Беларусі. Гаворка ідзе пра славутую Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ад 27 ліпеня 1990 года. Дэкларацыя падпісана Мікалаем Дземянцеем, які з 19 мая 1990 года па 25 жніўня 1991 года займаў пасаду старшыні Вярхоўнага Савета.

На Дэкларацыі распісаліся першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Васіль Шаладонаў. Іх подпісы якраз насупраць надрукаванай даты. Свае аўтографы таксама паставілі Леанід Козік (старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі), Генадзь Карпенка (старшыня камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе), Анатоль Вярцінскі (старшыня камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека), Мікалай Капытоў (старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада і сяла), Сяргей Котаў (старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па ахове здароўя, фізічнай культуры і сацыяльным забеспячэнні), Міхаіл Жукоўскі (старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па справах ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл), Дзмітрый Булахаў (старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве), Валерый Курдзюкоў (старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па справах моладзі), Ніл Гілевіч (старшыня камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны). Гэта далёка не ўсе старшыні пастаянных камісій, якія вырашылі ўвекавечыць сваё імя на тэксце дэкларацыі.

Што да Віктара Ганчара і Уладзіміра Заблоцкага, то яны не былі кіраўнікамі пастаянных камісій, аднак увайшлі ў склад камісіі па падрыхтоўцы праекта Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі, створанай пастановай Вярхоўнага Савета ад 20 чэрвеня 1990 года.

У Міністэрства культуры Беларусі накіраваны запыт: разгледзіць пытанне аб наданні Дэкларацыі Вярхоўнага Савета аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ад 27 ліпеня 1990 года статусу рухомай матэрыяльна-гістарычнай каштоўнасці.

Паводле пункта 1.1. артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (далей — Закон) да матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца дакументальныя помнiкi — акты дзяржаўных органаў. Па Канстытуцыі Беларусі 1978 года Вярхоўны Савет з’яўляўся не толькі дзяржаўным, а вышэйшым органам дзяржаўнай улады (артыкул 97). Паводле пункта 2.2. артыкула 13 Закона Дэкларацыю можна аднесці да рухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, перамяшчэнне якiх у прасторы не звязана са змяненнем iх адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей.

На жаль, у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі (выдадзены ў 2009 годзе; далей — спіс) практычна не знайшлося месца пісьмовым помнікам. У асноўным там будынкі, помнікі, скарбы манет, карціны, друкаваныя выданні, памятныя мясціны, археалагічныя помнікі і іншае, што, безумоўна, не выклікае сумнення. Праўда, па некаторых момантах узнікаюць пытанні. Напрыклад, у спісе фігуруе ў якасці нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці помнік Максіму Багдановічу, датаваны 1981 годам і ўнесены ў спіс пастановай Савета Міністраў ад 14 мая 2007 года. Нічога не маючы супраць аўтара неўміручых зборніка «Вянка» і верша пра «Пагоню», тым не менш трэба адзначыць, што згодна з пунктам 2 артыкула 20 Закона з часу першапачатковага стварэння нерухомага матэрыяльнага аб’екта павiнна прайсцi не менш чым 40 гадоў, каб надаць яму неабходны статус. У выпадку помніка Багдановічу гэта павінна было адбыцца не раней за 2021 год. Такіх прыкладаў шмат, напрыклад, помнік Міхаілу Калініну, датаваны 1978 годам і г.д. Таму здзіўляе пазіцыя міністэрства, якое ўпарта не прымае бел-чырвона-белы сцяг.

Аднак вернемся да дэкларацыі. Артыкул 20 Закона вызначае крытэрыі адбору матэрыяльных аб’ектаў для надання iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Паводле пункта 1.1. артыкула 20 Закона, адным з крытэрыяў з’яўляецца дакументальная фiксацыя, сiмвал або iншае праяўленне цi абазначэнне з’яў, падзей або працэсаў, якiя звязаны з гiсторыяй Рэспублiкi Беларусь, яе асобных рэгiёнаў, радаводаў цi этнiчных груп або маюць мiжнароднае значэнне. Факт таго, што Дэкларацыя адпавядае усім гэтым крытэрыям, наўрад ці будзе аспрэчвацца, у першую чаргу, прафесійнымі гісторыкамі.

Згодна з пунктам 6 інструкцыі Міністэрства культуры Беларусі ад 31 мая 2007 года аб парадку фіксацыі, навуковай апрацоўкі і мастацкай ацэнкі выяўленых матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія могуць уяўляць гісторыка-культурную каштоўнасць, дадзена тэкставае апісанне Дэкларацыі. Таксама дадучаны копіі яе старонак.

Чакаем адказу.

0
Петрович / Адказаць
04.07.2017 / 13:48
Было время - были люди
0
Патрыет / Адказаць
04.07.2017 / 14:55
А дзе астатнія старонкі?
0
Крыху збянтэжаны / Адказаць
04.07.2017 / 14:58
А там ці не Марыніч наперадзе?
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру