Галоўнага рэдактара папулярнай газэты «Антенна» Сяргея Маліноўскага дапыталі ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб менскіх выбухах.
У аўторак, 19 жніўня, Сяргей Маліноўскі сустрэўся са сьледчым.
«У мяне зьнялі адбіткі пальцаў, узялі ўзоры сьліні і пацікавіліся, дзе я быў падчас выбухаў, — расказаў журналіст. — Асабліва іх чамусьці цікавіў Віцебск і «Славянскі базар» — з кім я езьдзіў, дзе быў. Я нават і не зразумеў, чаму яны пра Віцебск пыталіся. Прычым аб Віцебску і «Славянскім базары» пыталі не толькі мяне… Цікавіліся, як я дабіраўся да Віцебску і назад. Я адказаў: на папутках — туды з Жорай Калдуном, а назад — з Алесяй.
Удакладнялі, ці ёсьць у мяне сябры хімікі, ці знаёмы мне юнак, намаляваны на фотаробаце (ён у іх на сьцяне вісіць). Я сказаў, што ён да Алега Кашавога падобны. Пасьмяяліся…
Прасілі расказаць, дзе стаяла мая машына падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці ў Менску. Хаця ў той дзень у раёне выбухаў я быў літаральна хвілін 10‑15: прыехаў, паглядзеў на публіку і зьехаў…
Мне здаецца, што сьледчыя, якія вядуць гэтую справу, сабраліся апытаць ледзь ці не ўсё насельніцтва Беларусі. Калі я сыходзіў з пракуратуры, мне сказалі: «Калі Вам яшчэ будуць тэлефанаваць, то скажыце, што вы ўжо былі ў такім кабінэце і ўсё…»