22 чэрвеня 1941 году нямецкія войскі напалі на СССР. Згодна з савецкаю гістарыяграфіяй, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Адной зь першых на сябе прыняла ўдар Берасьцейская крэпасьць.

Кніга «Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии» пераканаўча разьвенчвае савецкую й постсавецкую «патрыятычную» міталёгію, зьвязаную з абаронаю Берасьцейскае крэпасьці ў чэрвені 1941 году.

У ёй аргумэнтавана сьцвярджаецца, што актыўная фаза баёў доўжылася ня больш за тыдзень (а ня месяц, як настойвала савецкая прапаганда), што зь першага дня баявых сутычак адбывалася масавая здача ў палон салдат і афіцэраў Чырвонае арміі ды, больш за тое, пераважная большасьць савецкіх абаронцаў Берасьцейскае крэпасьці трапіла ў нямецкі палон, што лік савецкіх палонных вымяраўся сотнямі й тысячамі, і што наагул звышканцэнтрацыя савецкіх вайскоўцаў на маленькай тэрыторыі Берасьцейскае крэпасьці была стратэгічнаю памылкаю савецкага камандаваньня.

Разам з тым, за здабыцьцё крэпасьці немцам давялося заплаціць вялікую цану — адных забітых было каля 450 чалавек.

Выданьне таксама расказвае пра першыя месяцы штодзённага жыцьця гараджанаў пад нямецкай акупацыяй. Гэтая нарацыя ілюструецца ўнікальнымі фотаматар'яламі — нямецкімі прапагандысцкімі плякатамі, фатаздымкамі мірнага насельніцтва й гарадзкіх ляндшафтаў гораду Берасьця лета 1941 году.

Кніга ўпершыню ўводзіць у навуковы зварот шырокі спэктар крыніц, робіць даступнымі дакумэнты й матар’ялы найбольш важныя для разуменьня падзеяў пачатковага пэрыяду вайны.

Публікацыя выйшла на расейскай мове. Усе тэкставыя крыніцы прыводзяцца на мове арыгіналу й у перакладзе на расейскую мову. Яны згрупаваныя ў тры рубрыкі — «Баявыя дзеяньні», «Сытуацыя ў горадзе» й «Пачатак тэрору».

Названае выданьне — гэта плён больш чым пяцігадовае працы аўтарскага калектыву, складзенага зь нямецкіх і беларускіх навукоўцаў — Крысьціяна Ганцэра, Ірыны Яленскай, Алены Пашковіч, Яўгена Разенблата й Сяргея Струнца.

Кніга выйшла ў цьвёрдай вокладцы на высокім паліграфічным роўні, у ёй зьмясьцілі сотні ўнікальных фатаздымкаў Берасьця й Берасьцейскае крэпасьці ў чэрвені—ліпені 1941 г., зь іх больш за 60 у колеры. Выданьне мае 724 старонкі.

Да 9 ліпеня гэтую кніжку можна атрымаць па меншай цане. Болей даведацца пра яе змест і ўмовы атрымання можна на сайце Arche.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0