Культура

«Спадчына: агледзіны»: новая кніжная серыя

І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з'едзены.

Гэтыя радкі з верша класіка ў 1981 годзе натхнілі Янку Запрудніка на напісанне артыкула і пазнейшае выданне асобнай публікаткі «Спадчына бацькоў: «агледзіны». Да 100-годдзя нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа». Са згоды і блаславення Янкі Запрудніка яны сталі дэвізам і далі назву для новай кніжнай серыі, заснаванай сумесна мінскімі Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва ды нью-ёркскім Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.

Дакладней, «Спадчына: агледзіны» — падсерыя ў вялікай кніжнай серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», заснаванай ЗБС «Бацькаўшчына» ў 2004 годзе, аднак з асобнай канцэпцыяй. Адна з галоўных яе мэтаў: вярнуць з небыцця — выцягнуць з архіваў, з старой расцярушанай перыёдыкі — важныя для беларускай гісторыі і культуры тэксты і даць іх у кніжным выглядзе сённешнім чытачам, ад студэнтаў да даследчыкаў, аднавіўшы такім чынам часавую сувязь. У падрыхтоўцы першых серыйных выданняў укладальнікам дапамагалі адмыслоўцы ў беларускай гісторыі, культуры, архіўнай справе: Ганна Запартыка, Арсень Ліс, Анатоль Сідарэвіч, Андрэй Буча, Аляксандар Пашкевіч, Валянціна Лебедзева і іншыя.

Першай кнігай у новай серыі будзе «Выбранае» беларускага грамадскага дзеяча ў Празе, дзеяча БНР, публіцыста і філосафа Тамаша Грыба. Нягледзячы на дастатковую вядомасць гэтай асобы, ягоныя тэксты ніколі не выдаваліся ў кніжным фармаце. Раскіданыя па перыёдыках 1920-х—1930-х гадоў, а таксама захаваныя ў рукапісах-машынапісах, яны сёння ўпершыню сабраныя разам і прадставяць чытачу цікавую і разнастайную публіцыстычну і эпісталярную спадчыну пражскага беларуса. Кніга выбранага Тамаша Грыба мае выйсці ў свет ужо ў гэтым месяцы.

Наступным серыйным выданнем стане «Выбранае» літаратуразнаўцы й філосафа, чалавека, які некалі быў творчым апекуном Янкі Купалы Уладзіміра Самойлы. І ягоная спадчына сабраная пад кніжнай вокладкай таксама ўпершыню.

Выданні, што рыхтуюцца ў серыі, заснаваныя на архіўных і бібліятэчных росшуках. Гэта не маюць быць вычарпальныя «зборы твораў», але зборнікі, што разнастайна і шматгранна рэпрэзентуюць на сёння малавядомы ці нават амаль забыты даробак колішніх працаўнікоў беларушчыны. У кніг ёсць яшчэ адна мэта: не толькі прадставіць творчую спадчыну аўтараў, але і распавесці пра іх як асобаў — з увагі на тое, што іх біяграфіі дасёння маюць істотныя лакуны.

Трэцяй пазіцыяй у серыі, над якой вядзецца праца, станецца кніга пад назвай «Як укладалі «Спадчыну» — бадай першае беларускае выданне, у якім распавядаецца гісторыя адной адзінай кнігі — «Спадчыны» Янкі Купалы, выдадзенай у Мюнхене ў 1955 годзе. Хоць змест шырэйшы за назву: у ёй малюецца панарама інтэлектуальнага жыцця беларускай эміграцыі 1950-х гадоў.

І Тамаш Грыб, і Уладзімір Самойла, і ўкладальнікі «Спадчыны» Вітаўт Тумаш і Станіслаў Станкевіч былі сябрамі Рады БНР. Таму цалкам лагічна, што серыя «Спадчына: агледзіны» мае прысвячэнне — «Да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі» — наш сціплы унёсак у адзначэнне гэтага важнага юбілею.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Сілавікі выпадкова раскрылі, як менавіта правяраюць тых, каго падазраюць у «экстрэмізме». Спаліўся адзін з адказных за гэта3

Сілавікі выпадкова раскрылі, як менавіта правяраюць тых, каго падазраюць у «экстрэмізме». Спаліўся адзін з адказных за гэта

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША спяшаюцца перадаць Украіне абяцаную Трампам зброю як мага хутчэй1

Дзяўчына падсела ў другі аўтобус у чарзе і прайшла мяжу Польшчы з Беларуссю ўсяго за паўсутак2

Жанаты кіраўнік IT-кампаніі трапіў у кадр з каханкай на канцэрце ўлюбёнага гурта. Гэта стала для пары неспадзяванкай ВІДЭА15

«Пашкоджана — гэта нічога не сказаць». У Магілёве ўраган нарабіў бяды на дзясятку могілак

Пры Брэсцкай крэпасці ўжо два тыдні гараць вогнішчы. Людзі скардзяцца на дым і смурод

Пазбаўленне руін касцёла ў маёнтку Ажэшкаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці назвалі фэйкам1

«Экономическую газету» можа купіць Уладзімір Граўцоў

У Мінску прадаюць з аўкцыёну спарткомплекс з убудаванай царквой1

У выпадку нападу расійскія сілы ў Калінінградзе будуць нейтралізаваныя імгненна — камандуючы сіламі ЗША14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі выпадкова раскрылі, як менавіта правяраюць тых, каго падазраюць у «экстрэмізме». Спаліўся адзін з адказных за гэта3

Сілавікі выпадкова раскрылі, як менавіта правяраюць тых, каго падазраюць у «экстрэмізме». Спаліўся адзін з адказных за гэта

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць