На парадзе 3 ліпеня ў Мінску была не толькі ваенная, але і грамадзянская частка. Гледачам паказалі танец трактароў, сваю прадукцыю прадэманстравалі беларускія прадпрыемствы. Кампанія «Керамін», напрыклад, — ванны, рукамыйніцы і ўнітазы, «Атлант» — лядоўні і пральныя машыны, мясакамбінаты — тушонку. Галоўны рэжысёр-пастаноўшчык грамадзянскай часткі святочнага шэсця, мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Вячаслаў Панін патлумачыў, хто вырашаў, што менавіта і як будуць прэзентаваць вытворцы.

Фота з сацсетак

Вячаслаў Панін у каментары TUT.BY заўважыў, што задаволены тым, як прайшоў парад.

— Вельмі якасная праца была. Аднагалосна ўсе ацанілі пасля параду, усе былі вельмі задаволеныя. Я памятаю першыя парады тэхнікі яшчэ на плошчы Незалежнасці. Мы тады стаялі і глядзелі на гэта маркотнае відовішча. Гэта было 17-20 гадоў таму. Ішлі адзін за адным аўтобусы, тралейбусы, машыны, паныла ішлі, не аформленыя, там пару сцяжкоў тырчала. А цяпер усё-такі нейкая крэатыўнасць з'явілася ў гэтым руху. Было цікава глядзець, — заўважыў ён.

Галоўны рэжысёр-пастаноўшчык грамадзянскай часткі шэсця звярнуў увагу, што сёлета перад ім стаяла задача «паставіць яркую-яркую кропку ў гэтым святочным шэсці, якое складаецца з ваеннага параду, параду грамадзянскай тэхнікі і заключнага нумара на 2,5 тысячы чалавек».

— Гэта правільна, таму што галоўная функцыя любога свята — гэта арыентацыя грамадства на пэўныя каштоўнасці.

Ён заўважыў, што складанасцяў у падрыхтоўцы шэсця не было, але былі невялікія арганізацыйныя цяжкасці.

— Адны адказваюць за людзей (гэта навучальныя ўстановы), іншыя — за касцюмы, мастацкае афармленне робіць горад — усё трэба састыкаваць… Але ўсе выдатна працавалі. Калі нешта ўзнікала, то тут жа ўсё выпраўлялі.

Рэжысёр кажа: прадпрыемствы самі вырашалі, якую прадукцыю будуць паказваць. Напрыклад, на прагонах унітазаў ад «Кераміна» не было, інсталяцыя з'явілася на самім парадзе.

— Я нават не ведаў пра гэта, гэта была іх ініцыятыва. Можна было ўнітазы і не выстаўляць.

— Там нават ёршык быў…

— Гэта «Керамін» уласную ініцыятыву праявіў. Разумееце, у святах шмат ініцыятыў — за ўсім не ўсочыш… Вырабляюць яны гэтую прадукцыю, што ў гэтым страшнага? Праехалі і забыліся. У мінулае не зазірайце, глядзіце ў будучыню.

Па яго словах, добра сябе прадставілі вытворцы малочнай прадукцыі: «яны зрабілі вялікія банкі, этыкеткі». Гэта значыць абыгралі і паказалі прадукцыю не ў натуральным памеры, а ў некалькі разоў больш.

— Калі б быў не натуральны ўнітаз, а яго павялічылі, і туды змываліся усе нашы заганы… Вось гэта быў бы мастацкі вобраз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0