Сайлент Хіл (Silent Hill)

ЗША–Японія–Францыя, 2006, каляровы, 127 хв.

Жанр: Фільм жахаў паводле аднайменнай кампутарнай гульні.

Адзнака: 6,5 (з 10).

Каб выбавіць прыёмную дачку ад кашмараў, гераіня едзе ў гарадок Сайлент Хіл. У мястэчку, якое калісьці згарэла дашчэнту, дзіця зьнікае…

Замест сьнегу ў горадзе сыплецца попел, набрыняюць крываваю цьвільлю муры, а ў сутарэньнях курчацца самапальныя монстры. З скавытаньнем сырэнаў прыходзіць цемра – а разам зь ёю легіёны інсэктаў з чалавечымі тварамі і пірамідагаловы кат зь вялізарным нажом.

Для фанаў гульні – падказкі ў зяпах трупаў; для ўсіх астатніх – дэкарацыі й гукавая атмасфэра. Хаця сюжэт то кампутарна-нудны, то ліхаманкава-блытаны, каштоўнасьць фільму – у архаічных вобразах, стоеных у глыбінях калектыўнае псыхікі.

Рэжысэр Крыстаф Ганс («Брацтва ваўка») і сцэнарыст Роджэр Эйвары («Крымінальнае чытво») радыкальна дэманізуюць жанчыну.

Першапачатковы сцэнар не прадугледжваў пэрсанажаў-мужчынаў. Маці, дачка, фанатычка, старая… І хаця Сайлент Хіл – горад нячутнага жаночага крыку, ягоныя страхі – мужчынскія.

У горадзе бог – жанчыны.

І гэтыя жанчыны – дэманы.

Андрэй Расінскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0